У ААТ “Зазерка” на сяўбе працуе зладжаная каманда

Механізатар Міхаіл Булгак і дырэктар гаспадаркі Андрэй Папельскі.

Акуратна апрацаваныя і засеяныя палеткі прыцягваюць увагу па дарозе ў ААТ “Зазерка”. Гэта яскравы прыклад культуры земляробства і майстэрства сейбітаў. І такіх палёў у гаспадарцы з кожным днём усё больш.  Сяўба яравых збожжавых і зернебабовых, пад якія адводзілі 1000 гектараў,  завершана.

— Сёлета ў першай дэкадзе красавіка мы завяршаем сеяць раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры. На рахунку Аляксея Вераскоўскага ўжо больш  за 600 гектараў. У мінулым годзе на гэты час у яго было толькі каля 100 гектараў, — расказвае дырэктар гаспадаркі Андрэй Папельскі. — Аснову будучага ўраджаю закладвае таксама Сяргей Шчэрба. Ён засеяў больш за 400 гектараў. Насенне сейбітам падвозяць Уладзімір Камлюк і Віктар Бурак.

Расказваючы пра ход палявых работ,  Андрэй Станіслававіч заўсёды робіць акцэнт на працы  людзей. Для іх распрацаваны ўмовы спаборніцтва падчас вясенніх палявых работ. Пераможцы атрымаюць падарункі і ад прафсаюзнай арганізацыі, і ад гаспадаркі.

Зараз на падрыхтоўцы глебы лідзіруе Міхаіл Булгак, які апрацаваў больш за 1000 гектараў. Андрэй Куслій унёс мінеральныя ўдабрэнні на 1287 гектарах, Сяргей Дароўскі — на 1780 гектарах. “Тысячнікаў” у гаспадарцы шмат. На падвозе КАСа былі задзейнічаны Канстанцін Максімчык і Алег Зяньковіч. Іон Панфіл займаўся ўнясеннем мінеральных удабрэнняў. Цяпер да свайго трактара зачапіў плугі і праводзіць ворыва.

Механізатар Аляксей Вераскоўскі.

Варта адзначыць і зладжаную работу інжынернай службы гаспадаркі. Напярэдадні новага сезона ў сельгасарганізацыі абнавілі машынна-трактарны парк. Набылі новы трактар, культыватар, два шматфункцыянальныя паўпрычэпы ПМФ.

Работнікі калектыву атрымалі спецадзенне. У сталовую гаспадаркі закупілі новае абсталяванне. Абеды і падвячоркі на палі цяпер прывозяць у тэрмакантэйнерах.

Кацярына   ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *