У Дружным з’явілася новая спартыўная пляцоўка

Тут  вырастуць чэмпіёны. Такую думку агучылі госці  падчас урачыстага адкрыцця спартыўнай пляцоўкі ў пасёлку Дружны, якое адбылося ў мінулую суботу. Пляцоўка з’явілася на месцы былога парка атракцыёнаў.

У ліку ганаровых гасцей мерапрыемства быў начальнік Дэпартамента забеспячэння спартыўных мерапрыемстваў Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Іван Гаравец. Ён адзначыў, што гэта другая падобная пляцоўка ў нашым раёне і 35-я ў Беларусі з пачатку года.

Іван Гравец і Дзяніс Рыжакоў.

— Цяпер у футбалістаў з’явілася яшчэ адно месца для трэніровак, і я ўпэўнены, што добрыя вынікі абавязкова будуць, бо  з хлопчыкамі працуюць добрыя спецыялісты, — сказаў Іван Гаравец. —  Спадзяюся, што тут вырастуць новыя зоркі для нашай зборнай, такія як Вячаслаў Глеб і Валянцін Бялькевіч.

Падчас цырымоніі адкрыцця словы падзякі прагучалі ў адрас кіраўніцтва Пухавіцкага райвыканкама, а таксама ўсіх работнікаў УП “Жылцепласэрвіс” КГ, якія займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

У якасці падарункаў ад Беларускай федэрацыі футбола каманды атрымалі футбольныя мячы.

Урачыста адкрылі пляцоўку  Іван  Гаравец і галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Дзяніс Рыжакоў. Яны ж атрымалі права першымі забіць галы ў вароты на новым полі.

На традыцыйны парад спартсменаў разам са сваімі выхаванцамі выйшлі трэнеры  Іван Барташэвіч, Аляксандр Гурыновіч, Ігар Зіятдзінаў, Міхаіл Кучмісты.

Першымі апрабавалі поле для міні-футбола юныя гульцы двух каманд “Август-Бел”.  Побач на новай пляцоўцы, не перашкаджаючы адзін аднаму, могуць трэніравацца таксама баскетбалісты і валейбалісты.

 Кацярына ІЛЬЮШЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *