У Дзень народнага адзінства ў Дукоры прайшоў мітынг

17 верасня – асаблівы дзень для ўсіх нас. Гэта дзень нашай агульнай памяці, вялікага подзвігу, дзень нацыянальнага гонару і славы – Дзень народнага адзінства. У Год гістарычнай памяці мы схіляем галовы перад бессмяротным подзвігам тых, хто аддаў жыццё за Радзіму і шчасце будучых пакаленняў. Нашы дзяды і прадзеды тады шчыра верылі, што нам ніколі не давядзецца адчуць усіх жахаў вайны.

Мы абавязаны берагчы мір, нашу гісторыю і памяць аб Вялікай Перамозе над фашызмам і заўсёды памятаць аб тым, што народ-пераможцу знішчыць немагчыма. Наўрад ці ёсць ў нашай краіне сям’я, якую б не закранула тая страшэнная вайна. Мы расказваем дзецям і ўнукам пра подзвіг нашых салдат, ушаноўваем іх памяць, свята перадаём з пакалення ў пакаленне дзедаўскія медалі. Гэта наша гісторыя, гісторыя нашай сям’і, гісторыя нашай краіны.

Сёння мітынг, прысвечаны Дню народнага адзінства, на слыннай дукорскай зямлі аб’яднаў навучэнцаў і педагогаў дзяржаўнай установы адукацыі “Дукорскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” і шаноўных гасцей – дэлегацыю дзяржаўнага вытворчага аб’яднання па паліву і газіфікацыі “Белтопгаз” з г. Мінска, начале з намеснікам генеральнага дырэктара аб’яднання Кожанам Мікалаем Васільевічам і старшынёй прафкама Волчык Аленай Мікалаеўнай.

Месцам правядзення дадзенага мерапрыемства стаў помнік землякам, якія загінулі ў ваенныя гады і мірны час. Гэта святое месца для кожнага дукорца.

Гістарычна склалася, што нашу зямлю не абмінула 20-е стагоддзе, багатае на значныя гістарычныя падзеі, якія паўплывалі на лёс нашых землякоў: 20-я гады – расстрэл 16-ці дукорскіх партызан; 1941-1945 гады – загінула каля 800 чалавек, амаль палова з якіх – яўрэйскае мірнае насельніцтва; з далёкага Афганістана не вярнуліся два выпускнікі школы – Сяргей Капскі і Сяргей Шэлег. Памяць аб іх жыве і будзе жыць у сэрцах аднавяскоўцаў і не толькі ў іх…

Дзень народнага адзінства павінен стаць своеасаблівай кропкай адліку для добрых спраў і карысных адкрыццяў, для руху наперад.

Шчыра віншуем усіх з гэтым дзяржаўным святам!

Н.К.Крукоўская, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *