Уборачная кампанія стала адметнай для вадзіцеля Юрыя Баешкі

Сельгасфіліял “Чырвоны май” — у ліку сямі гаспадарак, дзе жніво яшчэ цалкам не скончана. Камбайнераў-тысячнікаў па прычыне  нізкай ураджайнасці (16 цэнтнераў з гектара) у гаспадарцы дакладна не будзе. Адметнай гэта ўборачная кампанія стала для вадзіцеля сельгаспрадпрыемства Юрыя Баешкі (на здымку), які перавёз больш за 1200 тон збожжа.

Гэтая  лічба   магла  быць яшчэ  большай,  але ўжо некалькі дзён Юрый Анатольевіч задзейнічаны на корманарыхтоўцы. Адзінага тысячніка гаспадаркі павіншавала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла  Гулякевіч.

У сельгасфіліял Юрый Баешка ўладкаваўся васямнаццаць гадоў таму.  Спачатку быў вадзіцелем, як і бацька, які ўсё жыццё прысвяціў працы ў гаспадарцы, пасля  перасеў на трактар.  Ворыва, сяўба — на гэтых відах работ Юрый Анатольевіч неаднаразова станавіўся  адным  з  лепшых у раёне.

— Шэсць месяцаў таму я быў вымушаны крыху змяніць сваю дзейнасць і зноў стаў вадзіцелем, — расказвае Юрый Баешка. — Працы я не баюся, таму ўжо столькі гадоў   працую ў сельскай гаспадарцы. Сельгасфіліялу я ўдзячны яшчэ і таму, што тут спаткаў сваю будучую жонку.

На полі, дзе мы сустрэліся з  перадавіком, быў  задзейнічаны  ўвесь  корманарыхтоўчы  атрад  гаспадаркі.  З касілкай працаваў вопытны механізатар  Сяргей  Таранаў.  Услед за ім з граблямі “хадзіў” Іван Прановіч.  Кормаўборачным камбайнам  КВК-800 кіраваў Віталь Паскробка, КЗР-10 — Сяргей Буторын. Дзмітрый Прановіч задзейнічаны на адвозцы. Астатнія пяць МАЗаў — тэхніка з іншых арганізацый,  дапамагаюць на нарыхтоўцы кармоў.

Другім укосам у гаспадарцы скошана 600 гектараў траў. У запасе ёсць 180 тон сена і больш за 7800 тон сенажу. Нарыхтавана 2274 тоны кармавых адзінак (12,82 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву).  На гэтым тыдні заклалі сянажную  яму на 1960 тон у Блужы. Цяпер нарыхтоўка сенажу вядзецца каля Талькі.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *