Урач функцыянальнай дыягностыкі Мар’інагорскай ЦРБ удастоена дзяржаўнай узнагароды

Гэта ўзнагарода для Наталлі Калатвіной, урача функцыянальнай дыягностыкі Мар’інагорскай ЦРБ, будзе самай дарагой: нагрудны знак Міністэрства аховы здароўя  “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, які ёй уручылі на апошняй калегіі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама, атрымліваюць адзінкі.  У нашым раёне, для прыкладу, за апошні час толькі чацвёра медыцынскіх работнікаў былі ўдастоены гэтай дзяржаўнай узнагароды. А сёлета яе ўручылі васьмі ўрачам з Мінскай вобласці.

— Мне вельмі прыемна было прымаць віншаванні ад калег, — кажа Наталля Пятроўна. — Удзячна, што мая праца (а працую я ў нашым раёне ужо 36 гадоў) адзначана, дзякуючы падтрымцы нашага калектыву, на самым высокім узроўні.

Наталлю Пятроўну ведаюць многія пухавіччане.  Не дзіўна, бо ў розныя часы яна працавала і галоўным урачом у Селецкай бальніцы, і ўрачом-тэрапеўтам, і ўрачом-кардыёлагам. І ўжо 20 гадоў пасля сваёй чарговай спецыялізацыі Наталля Калатвіна працуе ўрачом функцыянальнай дыягностыкі.

— Функцыянальныя метады даследавання — аснова для ўстанаўлення правільнага дыягназу, — гаворыць Наталля Пятроўна.— Таму лічу, што работа наша вельмі важная, але нялёгкая: яна патрабуе ад урача трывалых ведаў у галіне фізіялогіі і фізікі, электронікі і матэматыкі, камп’ютарнай тэхнікі.  У гэтай сувязі пастаянна ўзрастаюць патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі доктара і да павышэння яго кваліфікацыі.

Сёння ў нашай бальніцы даступны самыя папулярныя даследаванні сэрца, артэрыяльнага ціску, лёгкіх і іншыя. А ў хуткім часе мы пачнём выконваць электранейраміяграфію. Апарат для гэтага ўжо ёсць. Даследаванні паталогій перыферычнай нярвовай сістэмы складаныя, але яны вельмі важныя.

Нягледзячы на штодзённую загружанасць, Наталля Пятроўна заўсёды з задавальненнем ідзе на работу. Прызнаецца, праўда, што нялёгкія дні здараюцца: мы ўсе — людзі. Аднак бывае дастаткова проста пастарацца стаць на месца чалавека, які прыйшоў да цябе за дапамогай, як тут жа адкрываецца другое дыханне…

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *