Бывайце, фарбы восені!..

Основа-1

 

Зялёны горад — гэта ўтульнасць, прыгажосць і здароўе. Ісціна такая ж бясспрэчная, як і тая, што ўвосень зялёны горад — вялікая  работа  для  працаўнікоў  камунальнай  гаспадаркі.

Згадзіцеся, калі мы з вамі можам у поўнай меры захапляцца фарбамі восені і з задавальненнем блукаць па парках, слухаючы, як прыемна шамаціць пад нагамі апалае лісце, можам рабіць выдатныя фотаздымкі, імкнучыся захаваць у іх восеньскую прыгажосць, можам збіраць рознакаляровае лісце ў букеты, то камунальнікі найперш  думаюць аб тым, як прыбраць лістоту з гарадскіх вуліц. Яны як ніхто ведаюць, што прыгажосць восеньскіх фарбаў — з’ява вельмі кароткачасовая. Усяго пара тыдняў, і лістота счарнее, размокне, стане непрывабнай і  нават небяспечнай: мокрае  лісце,  напрыклад,  на асфальце павялічвае тармазны шлях аўтамабіля.

Таму прыбраць непатрэбны ўжо дрэвам убор трэба як мага хутчэй і якасней. Вось і атрымліваецца, што работа восенню для ўчастка «Добраўпарадкаванне» не менш напружаная, чым зімой. Уборка апалай лістоты патрабуе нямала часу, сіл і, безумоўна, сродкаў, бо, акрамя рук і грабляў, на ўборцы занята і тэхніка.

—  У апошні час шмат гаворыцца пра тое, што падыход да ўборкі апалага лісця павінен адрознівацца ў розных частках горада (напрыклад, у парках эколагі рэкамендуюць лісце пакідаць), — гаворыць Ірына Зянько, намеснік дырэктара УП «Жылцепласэрвіс» КГ. — Але мы  прыбіраем лісце і ў гарадскім парку. Гэта  найперш  неабходна для эстэтыкі, інакш пасля зімы тэрыторыя  будзе выглядаць неакуратна. Іншая справа — лесапарк.

Калі тэрыторыі каля дамоў рабочыя па добраўпарадкаванні, як правіла, прыбіраюць без старонняй дапамогі, то на прывядзенне ў парадак гарадскіх тэрыторый і парка нам  дапамога патрэбна. Ва ўборцы гарадскога парка традыцыйна дапамагаюць работнікі Пухавіцкага доследна-эксперыментальнага завода, райсельэнерга, дзіцяча-юнацкай   спартыўнай   школы  алімпійскага рэзерву, вучні НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа.

Што ж, сапраўды, самы час успомніць, што восенню (як і вясной) у горадзе ў рамках месячніка па добраўпарадкаванні праходзяць суботнікі: работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, навучэнцы школ прыбіраюць лісце на замацаваных тэрыторыях. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, што прынёс  нам  цыклон  «Герварт»,  трэба і зараз аб’яднацца і прывесці наш горад у парадак.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *