У мастацкай галерэі працуе выстава “Мастакі Пухавіччыны — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў”

У мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея працуе выстава “Мастакі Пухавіччыны — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў”. На ёй прадстаўлены работы нашых землякоў   розных пакаленняў. І гэта дае магчымасць прасачыць, як з часам мяняецца погляд на мастацтва і што аб’ядноўвае  тых, хто выйшаў са сцен адной альма-матар.

Адкрываюць выставу работы   маладых жывапісцаў Міхаіла Мішука і Дар’і Раманенка.

Міхаіл Мішук нарадзіўся ў 1989 годзе ў Мар’інай Горцы. Вучыўся ў сярэдняй  школе №2,  да паступлення ў акадэмію  скончыў гімназію-каледж мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка. Малады чалавек зараз бярэцца за самыя смелыя праекты. На выставе  прадстаўлены яго пейзажы, сярод якіх “Хмарнае неба”, “Прадчуванне”, “У вёсцы” і іншыя.

Дар’я Раманенка таксама з Мар’інай Горкі. У родным горадзе яна скончыла дзіцячую школу мастацтваў,  затым  гімназію-каледж імя Івана Ахрэмчыка. Мастацкая гісторыя Пухавіччыны стала тэмай яе даследавання падчас навучання ў магістратуры. У нашай мастацкай галерэі прайшло некалькі персанальных выстаў маладой мастачкі,  яе работы папоўнілі калекцыю жывапісу раённага краязнаўчага музея. На выставе прадстаўлены яе карціны “Імгненне”, “Пачуццё паветра”, “Песня Батлейкі” і іншыя.

Побач з карцінамі маладых мастакоў знаходзяцца работы  прадстаўнікоў старэйшага пакалення Барыса Рэпіна і  Аляксандра Фінскага.

Барыс Рэпін нарадзіўся ў 1940 годзе ў  Пухавічах. Да таго, як паступіць у акадэмію, скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1971 года. Працаваў у сцэнаграфіі, станкавым жывапісе, графіцы. Прымаў удзел у афармленні мастацкіх фільмаў і тэлеспектакляў. На выставе  можна пабачыць яго “Аўтапартрэт”, “Пейзаж з канём”, “Нацюрморт з грыбамі” і іншыя работы.

Жывапісны рад выставы дапаўняюць скульптурныя работы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Фінскага. Ён  нарадзіўся ў вёсцы Вясёлы Гай у 1953 годзе. Працуе ў манументальнай і станкавай скульптуры. У выставах удзельнічае з 1978 года. Скульптурныя работы Аляксандра Фінскага ўпрыгожваюць многія гарады рэспублікі. На выставе можна пабачыць фотаздымкі некаторых яго манументальных твораў і  станкавыя работы, якія вядомы скульптар перадаў мастацкай галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея. Зараз Аляксандр Міхайлавіч сам выкладае  ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, ён дацэнт кафедры скульптуры. І экспазіцыю арганічна дапаўняюць работы яго вучняў.

Са сцен адной навучальнай установы выйшлі вельмі розныя майстры  з арыгінальным светаадчуваннем і  толькі ім уласцівай  тэхнікай.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

У мастацкай галерэі працуе выстава “Мастакі Пухавіччыны — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў”: 1 комментарий

  • 03.04.2018 в 12:50
    Permalink

    Добрая галерэя. Заўсёды ёсць што паглядзець. Раю. Можна хадзіць сем’ямі.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *