У зладжанай камандзе працуюць камбайнеры ААТ “Агра-Абярэг”.

IMG_2028Выдатна папрацавалі падчас жніва хлебаробы ААТ “Агра-Абярэг”. Па прызнанні галоўнага агранома гаспадаркі  Раісы Есімчык і саміх камбайнераў, такой зладжанай і ў той жа час спакойнай уборачнай у іх  не было даўно. Сёлета супалі многія фактары, якія дапамаглі атрымаць добры ўраджай. Засекі гаспадаркі папоўніліся больш чым на 10 тысяч 700 тон збожжа.

У ліку дзесяці камбайнераў, якія працавалі на хлебнай ніве, быў Мікалай Паўлоўскі. На камбайне “Мега-350” ён намалаціў 1563 тоны  збожжа.

На мінулым тыдні мы ўбачыліся з Мікалаем Мікалаевічам. Месца сустрэчы, як звычайна, — палеткі гаспадаркі. Механізатара  зноў сустракаю каля камбайна.

— Другі дзень убіраю канюшыну. Калі скончу гэты від работ, буду ставіць камбайн на захоўванне, — гаворыць Мікалай Паўлоўскі. — Аднак і пасля без працы не застануся: трэба ўносіць мінеральныя ўдабрэнні.

У наш раён Мікалай Паўлоўскі прыехаў з Валожыншчыны.  У мясцовым вучылішчы атрымаў  спецыяльнасць трактарыста-машыніста. Працоўны шлях хлебароба пачынаў яшчэ на малой радзіме. З восьмага класа і да арміі пастаянна дапамагаў падчас жніва бацьку, які працаваў летам на камбайне.

Працаваць на хлебнай ніве цяперашняму перадавіку спадабалася ўжо тады. Галоўнае, як і ў любой справе, — жаданне. Яго за 23 гады працы ў ААТ “Агра-Абярэг” Мікалай Паўлоўскі не страціў.

— Мне пашчасціла трапіць у добрую каманду. Побач працуюць вопытныя камбайнеры, майстры сваёй справы.  Мы шмат гадоў ведаем адзін аднаго, пры неабходнасці дапамагаем, — працягвае субяседнік. — На шчасце, у гэтым сезоне абышлося без значных паломак. Мой камбайн, які правёў свой дванаццаты сезон у полі, не падвёў. Атрымаў яго новым,  таму ўважліва сачу за станам. Спадзяюся, што наступныя сезоны жніва будуць таксама паспяховымі.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *