У Мар’інай Горцы прайшоў XIV фестываль народнай творчасці Мінскай вобласці «Напеў зямлі маёй».

Уладальнікі Гран-пры: узорны духавы аркестр "Ад шчырага сэрца" Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Уладальнікі Гран-пры: узорны духавы аркестр «Ад шчырага сэрца» Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

У Мар’інай Горцы ў мінулую суботу прайшоў XIV абласны фестываль народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”. Гэта самы значны музычны фестываль Міншчыны, які аб’ядноўвае ў сабе ўсю жанравую палітру народнага мастацтва: вакальна-харавыя, інструментальныя, харэаграфічныя і фальклорныя калектывы, духавыя аркестры і эстрадныя студыі. Ганаровае права стаць удзельнікамі гэтага прэстыжнага форуму маюць  толькі аматарскія ўзорныя і народныя калектывы.

У праграму форуму арганічна ўпісваецца і ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў работы і ўручэння ўзнагарод тым людзям, хто мае дачыненне да сферы культуры.   Акрамя таго, гэта месца, дзе сустракаюцца добрыя сябры і калегі, каб павіншаваць адзін аднаго  з  творчымі дасягненнямі, пераняць вопыт у тых, каму пакарыліся новыя творчыя вяршыні.

Гэты год у нашай краіне праходзіць пад знакам  500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Францыск Скарына  падрыхтаваў поле, на якім праз чатыры стагоддзі ўзраслі зярняты Коласавых і Купалавых слоў. Беларускія песняры нарадзіліся ў адзін год, выраслі  і атрымалі творчае натхненне на мінскай зямлі.  Таму і адкрыла фестывальны дзень творчая імпрэза “Песняры беларускага слова”, прысвечаная  135-годдзю з  дня  нараджэння   Янкі  Купалы і Якуба Коласа.  Падчас яе  ўрывак  з   літаратурнай  кампазіцыі   “Прысвячэнне    Купалу” прадставілі артысты Мінскага  абласнога  драматычнага  тэатра з горада Маладзечна.

У вершаваных радках Коласа і Купалы   адчуваецца любоў да маляўнічых куточкаў Міншчыны. Свой погляд на  родныя мясціны падчас імпрэзы прадставіла і вучаніца адзінаццатага класа Любкаў-шчынскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага  раёна Паліна Ярашэвіч, якая падрыхтавала фотапрэзентацыю “Краявіды маёй  Радзімы”.   А  ў  выкананні народнага  вакальнага  ансамбля “Берагіня” Стаўбцоўскай  дзіцячай  школы  мастацтваў  прагучала  знакамітая песня  Ігара  Лучанка  на  словы  Янкі  Купалы “Мой родны кут”.

Падчас цырымоніі адкрыцця творчага форуму ўсіх яго ўдзельнікаў вітаў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Сірэнка. Ён адзначыў, што фестываль “Напеў зямлі маёй” — сапраўды любімы і   народны. Мінскі абласны выканаўчы камітэт імкнецца да таго, каб творчае жыццё ў рэгіёнах станавілася ўсё больш насычаным.  Таму фестываль мае такую вялікую падтрымку.  Віктар  Іванавіч   ад  імя  губернатара   вобласці  Анатоля Ісачанкі павіншаваў усіх работнікаў культуры з  прафесійным святам і ўручыў узнагароды Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і  Міністэрства  культуры Рэспублікі  Беларусь.

Дарэчы, узнагарод у гэты дзень было шмат.  Начальнік  галоўнага  ўпраўлення  ідэалагічнай работы, культуры і па справах  моладзі  Мінаблвыканкама  Сяргей  Ладышаў і старшыня Мінскага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі і спорту Сяргей Крысенка адзначылі лепшых маладых работнікаў культуры сталічнага рэгіёну. У іх ліку  на сцэну паднялася і Марына Саланец з Дружненскага сельскага Дома культуры. Таксама па выніках конкурсу “Майстар  Міншчыны–2017” узнагароду атрымала намеснік дырэктара Мар’інагорскай дзіцячай  школы мастацтваў  Наталля  Захарчук,  якая  заняла трэцяе месца ў намінацыі “Лепшы  настаўнік   школы   мастацтваў  Мінскай  вобласці”.

А затым на сцэну выйшлі канкурсанты. Ім  прадстаялі самыя  сур’ёзныя творчыя выпрабаванні, бо  ацэньвала выступленні аўтарытэтнае журы, склад якога быў па-сапраўднаму зорным. Народныя артысты Беларусі   Міхаіл  Дрынеўскі,   Леанід    Захлеўны,  Міхаіл   Казінец,  кампазітар  Алена Атрашкевіч  —  гэтыя імёны добра знаёмыя   ўсім  прыхільнікам  беларускага  музычнага мастацтва.  Ганаровага старшыню журы   —  народнага артыста Беларусі, народнага  артыста Савецкага Саюза  Ігара Лучанка і гледачы, і артысты віталі  шчырымі апладысментамі.

На фестывальнай сцэне разгарнулася сапраўдная панарама аматарскай творчасці Міншчыны. Нумары, якія прадставілі ўдзельнікі, былі самыя разнапланавыя.  Акунуцца ў атмасферу  народных зімовых святаў прапанавалі прадстаўнікі Бярэзінскага раёна: народны   сямейны  гульнёва-абрадавы гурт “Радзіна” і ўзорны фальклорны гурт “Валошкі”  прадставілі  абрад  “Цягнуць каляду на дуба”. Вельмі вытанчана прагучаў “Першы вальс” Яўгена Глебава ў выкананні ўзорнага ансамбля скрыпачоў “Камплімент” Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў.

Свае інтанацыі пры выкананні знакамітай песні Райманда Паулса на словы Ільі Рэзніка “Скрыпач на даху”   знайшлі  артысты вакальнага ансамбля “Млечны шлях” Нясвіжскага раённага цэнтра культуры,   якому стварыць рамантычную атмасферу на сцэне дапамог тэатр арыгінальнага жанру   “ТворЯкі”  Нясвіжскага гарадскога  маладзёжнага  цэнтра.

Дэфіле дзяўчат ва ўпрыгожаных  саломкай строях, створаных майстрамі народнай студыі саломапляцення “Натхненне”, стала яскравай часткай выступлення народнага вакальнага ансамбля “Неруш” Клецкага раённага цэнтра культуры.  А Валожынскі раён прадстаўляў  народны ансамбль “Журавінка” Івянецкага Дома культуры, які працуе ў незвычайным жанры —  агітацыйна-харэаграфічным.  І  выступленне  іх   пачыналася   незвычайна  —  з лазернага шоу.

Фестываль “Напеў зямлі маёй” вылучаецца тым, што сярод яго ўдзельнікаў няма тых, хто прайграў. Усе калектывы атрымліваюць дыпломы ўдзельнікаў і каштоўныя падарункі. Дыпламанты конкурсу былі вылучаны ў некалькіх намінацыях. Так, дыплом  “За сцэнічнае ўвасабленне народнага гумару”  атрымаў народны вакальна-гумарыстычны гурт “Сяброўкі” Дукорскага сельскага Дома культуры. У якасці падарунка ім дастаўся партатыўны камп’ютар. А галоўны прыз фестывалю —  аўтамабіль —  адправіўся ў Смалявіцкі раён:  яго  атрымалі народны ансамбль песні “Пліса” Кастрычніцкага сельскага Дома культуры, узорны духавы аркестр і народны вакальны ансамбль “Ад шчырага сэрца” Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Завяршыла цырымонію ўзнагароджання адметная падзея: са сцэны ўпершыню прагучаў гімн фестывалю “Напеў зямлі маёй”, музыку да якога напісала пастаянны член журы кампазітар Алена Атрашкевіч.

Наталля   ПАРХОМЧЫК.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *