Васіль Жарко і Ігар Карпенка наведалі дзяцей Рудзенскай школы-інтэрната.
Навагоднія святы і, тым больш, час напярэдадні Калядаў — нагода рабіць добрыя справы. Таму толькі сёння завяршаецца рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці».
А ў суботу ў рамках гэтай акцыі віцэ-прэм’ер Рэспублікі Беларусь Васіль Жарко і міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка прынялі ўдзел у навагоднім ранішніку ў Рудзенскай спецыялізаванай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот.
Падчас экскурсіі па інтэрнаце госці пазнаёміліся з педагагічным калектывам установы адукацыі і ўмовамі, створанымі тут для пражывання і выхавання дзяцей.
Потым усіх запрасілі на святочны канцэрт, падрыхтаваны дзецьмі і педагогамі.
Для ўсіх выхаванцаў школы, якія не з’ехалі на зімовыя канікулы на аздараўленне, навагоднія цуды адбыліся яшчэ раз. І гэта была не толькі чарговая сустрэча з казачнымі героямі — Дзедам Марозам і Снягуркай, але і новыя сюрпрызы і падарункі. Ганаровыя госці ад імя Прэзідэнта Беларусі ўручылі дзецям тэлевізар, развіваючыя гульні, прысмакі.
У інтэрв’ю журналістам Васіль Жарко выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што дзеці, якія выхоўваюцца ў школе-інтэрнаце, аказаліся не патрэбнымі сваім бацькам. Пры такім становішчы тым больш важна, што ёсць настаўнікі і выхавальнікі, якія клапоцяцца аб сваіх выхаванцах, робяць усё, каб тыя паспяхова падрыхтаваліся да самастойнага жыцця.
Навучэнцы школы-інтэрната ў сваю чаргу не змаглі адпусціць гасцей без падарункаў. Імі сталі ёлачныя цацкі, зробленыя дзецьмі.
Алена ШАНТЫКА.