Калектыў ААТ «Голацк» праявіў сваю працаздольнасць і працавітасць
У намінацыі “За дасягненне найлепшых паказчыкаў у сельскай гаспадарцы і лясной гаспадарцы” на раённую Дошку гонару занесена ААТ “Голацк”. Сельгасарганізацыя па праву заслужыла гэта высокае права. У мінулым годзе калектыў праявіў сваю працаздольнасць і працавітасць.
У 2017 годзе голацкія хлебаробы атрымалі самы важкі каравай у раёне: яны намалацілі больш за 11 тысяч тон зерня. З году ў год старшыя камбайнеры гаспадаркі ўваходзяць у лік лідараў раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. Летась сярод іх вызначыліся Віктар Гардзіенка, Аляксандр Расолька і Мікалай Тарасевіч. Яны ўвайшлі ў лік двухтысячнікаў. Агульны намалот Віктара Гардзіенкі склаў 2769 тон, Аляксандра Расолькі — 2683 тоны. Па гэтым і іншых паказчыках механізатары сталі прызёрамі раённага спаборніцтва сярод камбайнераў і занялі другое і трэцяе месцы адпаведна.
Сярод лепшых былі адзначаны і вадзіцелі гаспадаркі Сяргей Стулянкоў і Яўген Кубры. Умоўная колькасць перавезенага зерня ў Сяргея Генадзьевіча склала 3049 тон, у Яўгена Вячаслававіча — 2783 тоны. Вадзіцелі таксама сталі прызёрамі раённага спаборніцтва.
Старшы аператар зернесушыльна
га комплексу Аляксандр Хадыка заняў першае месца ў раёне. Умоўная колькасць дапрацаванага ім зерня склала 8783 тоны.
Апошнія гады ў гаспадарцы назіраецца відавочны прагрэс па вытворчых паказчыках. Вытворчасць збожжа з кукурузай у бункернай вазе ў 2017 годзе склала 11800 тон (ураджайнасць — 51,2 ц/га), у 2016 годзе — 10226 тон (ураджайнасць 43,5 ц/га). Атрымалі высокі ўраджай алейнага семя рапсу — 1491 тону (877 працэнтаў да 2016 года) пры ўраджайнасці 28,1 ц/га.
Добрыя вынікі ААТ “Голацк” атрымала і ў галіне жывёлагадоўлі. Сельгасарганізацыя — лідар мінулага года па вытворчасці малака ў раёне — 7963 тоны. Гаспадарка “плюсуе” да 2016 года — 308 тон малака.
Сярэдні надой малака ад каровы склаў 4860 кілаграмаў (плюс 192 кілаграма да 2016 года). Павысіліся і сярэднясутачныя прывагі ў вазе буйной рагатай жывёлы. У 2017 годзе яны склалі 569 грамаў.
Прыведзеныя лічбы адлюстроўваюць працу ўсяго калектыву гаспадаркі. У ліку лепшых работнікаў — аператары машыннага даення Алена Азарэвіч, Таццяна Зварыкіна, Галіна Рабянок, Данута Лебедзь, аператар па вырошчванні цялят Міхаіл Хазянін і аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы Віталь Мазанік.
Высокія вытворчыя паказчыкі станоўча адбіліся на фінансавых выніках гаспадаркі і, адпаведна, на заробку людзей.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.