З гаспадарчым падыходам: Віталь Казак дасягнуў высокіх вынікаў у жывёлагадоўлі

Віталь Казак, жывёлавод сельгасфіліяла “Дрычын”, гаспадарыць у самым вялікім памяшканні  на малочнатаварным комплексе “Новае сяло”. Гэта памяшканне разлічана на 400 галоў. Цяпер у ім утрымліваецца 380 цялят ва ўзросце ад 6 да 8 месяцаў і бычкі на дарошчванні.

Працоўны дзень  у Віталя Віктаравіча пачынаецца ў сем гадзін раніцы. Да самага вечара ён завіхаецца ў клюшачніку. Раздаць кармы, навесці парадак — спраў хапае. Відаць, што мужчына — сапраўдны гаспадар: чысціня ўсюды.

На такі клопат адклікаецца і жывёла. Сярэднесутачныя прывагі цялят у сярэднім складаюць больш за 900 грамаў. Гэты высокі паказчык удаецца захаваць і ў зімовы перыяд за кошт збалансаваных якасных кармоў. Цяпер у рацыёне цялят — сілас і сянаж, соль, мука і камбікорм.

— Да арміі я працаваў на гэтым жа комплексе: даглядаў  дойны статак. З цялятамі працую апошнія два гады,  — расказвае Віталь Казак. — На некаторы час сферу дзейнасці мяняў, але вярнуўся ў сельгасфіліял. Мне падабаецца гэта работа.  Дома таксама трымаем  гаспадарку.  З маленства я дапамагаў бацькам на ферме.

Дарэчы,  маці Алена Няборская  —  брыгадзір МТК “Новае сяло”, жонка Віталя Кацярына — яе  памочніца.

— Калі заўважаю, што жывёла захварэла, стараюся аператыўна выклікаць ветурача. Здароўю цялят —  першасная ўвага,  — працягвае Віталь Казак.  — Прыемна бачыць, што наш малочнатаварны  комплекс развіваецца. Цяпер тут вядзецца будаўніцтва новай даільнай залы. Гэта сведчыць пра добрыя пер-спектывы і для гаспадаркі, і для яе работнікаў.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *