“Мастацкая літаратура” падрыхтавала да выдання ўнікальную кнігу
Падрыхтавана да выдання па—свойму ўнікальная кніга — зборнік дзённікаў беларускіх пісьменнікаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Яна выйдзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
Пад адной вокладкай у кнізе “Мы жылі ў буднях барацьбы” — дзённікі чатырох беларускіх літаратараў: Міколы Лобана (“Перамога ўжо відна…”), Антона Алешкі (“І ў марах успамінаць усё…”), Пятра Валкадаева (“За Глускам у маладых барах…”), Вісарыёна Гарбука (“Мой лёс не даў мне ціхага жыцця…”).
У кожнага з пісьменнікаў — свой ваенны і творчы лёс. Выключнасць дзённікаў кожнага аўтара ў тым, што яны адлюстроўваюць падзеі на розных ваенных напрамках, з’яўляюцца своеасаблівым геаграфічным ці тапанімічным паказчыкам вялікіх шляхоў Перамогі. Мікола Лобан — удзельнік баёў на Ленінградскім фронце. Антон Алешка Вялікую Айчынную вайну прайшоў франтавым урачом. Спачатку на Заходнім фронце, а потым на 3-м Беларускім. Дзённік Пятра Валкадаева раскрывае гераічныя і трагічныя старонкі партызанскага руху на Магілёўшчыне. Запісы Вісарыёна Гарбука адлюстроўваюць падзеі 1941-1945 гадоў, звязаныя з абаронай Масквы, вызваленнем Беларусі, Польшчы, узяццем Берліна.
Выхад гэтага зборніка мае дзве вельмі важныя функцыі: уводзіць у шырокі навуковы і грамадскі ўжытак новыя крыніцы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і засцерагае ад знікнення ўнікальныя тэксты.
Укладальнік, аўтар прадмовы, уступнага артыкула, каментарыяў — вядомая архівістка Ганна Запартыка.
Нагадаем, што адзін з аўтараў кнігі — празаік, перакладчык, мовазнаўца Мікола Лобан у перадваенны час працаваў настаўнікам на Пухавіччыне — у Пярэжыры і Шацку.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ.