Аграрыяў ЭБ «Зазер’е» радуе ўраджайнасць траў

Механізатар Яўген Вітушка і кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Мазоль.

Першы ўкос траў у эксперыментальнай базе «Зазер’е» знаходзіцца на фінішнай прамой. У гаспадарцы падчас першага ўкосу планавалі ўбраць 700 гектараў шматгадовых траў. Нягледзячы на тое, што надвор’е адкарэкціравала пачатак касавіцы, удалося нарыхтаваць запланаваную колькасць кармоў.

Закладваюць сянаж  з сакавітых бабова-злакавых культур. Галоўны і адзіны касец — Яўген Вітушка. У 7 гадзін раніцы ён ужо ў полі. Працуе на камбайне КЗР з касілкай КПР-9. У дзень Яўген Сяргеевіч скошвае ад 30 да 50 гектараў, выконваючы паўтары-дзве  нормы.

На  валкаванні  травы  задзейнічаны  Сяргей Баразна і  Леанід Шаўцоў.  Гарачае надвор’е дазваляе траве на полі хутка  правяльвацца.  Падбіраюць   зялёную  масу  Сяргей   Цыганкоў   і   Антон Аруцюнян. А на  адвозцы яе    з     поля    задзейнічана    9  адзінак  тэхнікі.

—  Мы ўжо нарыхтавалі 5 тысяч  тон сенажу, — расказвае галоўны  аграном ЭБ «Зазер’е» Васіль  Крывалевіч. — А ўсяго  нам  трэба  будзе  нарыхтаваць 10 тысяч 500 тон.

Ход нарыхтоўкі кармоў арганізуе і кантралюе галоўны аграном. А якасць сенажу правярае намеснік дырэктара  Дзмітрый  Панамарэнка. За тэмпературай зялёнай масы сочыць вагаўшчык Ганна Дарафеева. Дарэчы, вільготнасць павінна быць не вышэй за 55-60 працэнтаў. Па тэхналогіі трамбуюць зялёную масу кругласутачна. Днём на двух «Амкадорах» працуюць Пётр Дзядзюля і Дзмітрый  Кукарэка,  а  ноччу —  Руслан  Цыганкоў.  На закладку траншэі адводзіцца тры дні. У гаспадарцы ўжо заклалі дзве сянажныя  траншэі  на  МТК «Пярэжыр» і дзве — на  МТФ «Зазер’е». Усяго ў эксперыментальнай базе — 13 сянажных  траншэй  па  1,5-1,8 тоны  кожная.

Механізатары Мікалай Куліш і Антон Аруцюнян.

Ураджайнасць травы ў гэтым годзе агранома радуе: зялёнай  масы атрымліваюць 130-150 цэнтнераў з гектара, а правяленай —   90-95 цэнтнераў. Плошчу ўборкі шматгадовых траў захавалі на ўзроўні мінулага года. А вось кукурузы,   каб павялічыць запасы сіласу, пасеялі  на 58 гектараў больш. Больш вырошчваюць і азімага рапсу.

Яшчэ для забеспячэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы каштоўнымі бялковымі кармамі пасеялі 129 гектараў аднагадовых траў —  авёс з гарохам. Частка іх пойдзе  на  падкормку,  астатняе — на сянаж. Але  ўбіраць сумесь  будуць пазней — у ліпені.

— У мінулым годзе ў нас быў   нават  чацвёрты   ўкос, —  успамінае   дырэктар   ЭБ «Зазер’е» Аляксандр  Мазоль. — Атрымалі яго з аднагадовых  шматкампанентных  траў  і  пашы. Спадзяёмся і ў гэтым годзе нарыхтаваць кармоў не менш. Будзе багатым і другі ўкос, — лічыць Аляксандр Аляксандравіч. — Травы адрастаюць літаральна на вачах, дзякуючы надвор’ю, якое ўсталявалася  ў  апошнія дні.

Для ўсіх занятых на нарыхтоўцы кармоў гарачыя абеды дастаўляюць  прама на працоўнае месца: ці на  поле, ці на месца закладкі сенажу. У гаспадарцы працуе свая сталовая.

Усяго ў ЭБ «Зазер’е» трэба нарыхтаваць па 27 цэнтнераў кармавых адзінак на  ўмоўную галаву жывёлы, каб забяспечыць якаснымі кармамі 2950 кароў. Для выканання плана нарыхтоўкі кармоў ёсць усё: падрыхтаваная тэхніка, добрая арганізацыя працы, ураджай на палях і галоўнае — людзі, якія імкнуцца працаваць добрасумленна.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *