Скарбонку дасягненняў юных пухавіччан у апошні час папоўнілі самыя разнастайныя ўзнагароды 

 

У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце адбыўся ХІ рэспубліканскі конкурс навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”. У склад каманды Мінскай вобласці ўвайшлі 24 навучэнцы, якія прадставілі ў секцыях свае навуковыя работы. У лік пераможцаў увайшоў і прадстаўнік нашага раёна. У секцыі «Мультымедыйныя тэхналогіі» 1-е месца заняў навучэнец Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Світанак» Ілья Карніенка (кіраўнік Дзмітрый Крывашэй). Дарэчы, пераможцы конкурсу  будуць рэкамендаваны да заахвочвання спецыяльным   фондам  Прэзідэнта  Рэспублікі  Беларусь па сацыяльнай  падтрымцы адораных  навучэнцаў і студэнтаў.

Каманда  Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага  каледжа  атрымала   дыплом   III ступені ў конкурсе “Тэхнічнае забеспячэнне  працэсаў   сельскагаспадарчай   вытворчасці” сярод навучэнцаў устаноў адукацыі, рэалізуючых  навучальныя  праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

*   *   *

Праходзіць рэспубліканскі конкурс на лепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку. На раённым этапе перамогу  ў  ім ва ўзроставай групе ад 6 да 10 гадоў  атрымала вучаніца Ананіцкага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Дамініка Сітнік: яе малюнак “Героі казак —  за сарціроўку смецця” журы прызнала лепшым. Работа Дамінікі заняла ў другім,  абласным, этапе конкурсу 2-е месца.

Наталля  БАБУК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *