Беларускія настаўнікі ў гасцях у расійскіх калег

З 1991 года Дзмітраўская акруга Маскоўскай вобласці супрацоўнічае з Пухавіцкім раёнам. Менавіта тады было падпісана пагадненне аб тым, што Мар’іна Горка і Дзмітраў стануць гарадамі-пабрацімамі.

За гэты час рэалізаваны некаторыя сумесныя праекты ў галіне сельскай гаспадаркі, культуры і турызму. 2023 год у Расіі аб’яўлены Годам педагога і настаўніка, і новыя грані супрацоўніцтва закрануць сферу адукацыі. Таму ў апошнія дні сакавіка з візітам у Дзмітраве пабывалі прадстаўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і ўстаноў адукацыі Пухавіччыны.

У Дзмітраве адбылася сустрэча дэлегацыі з прадстаўнікамі адміністрацыі Дзмітраўскай акругі, начальнікам упраўлення адукацыі.

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Дзмітраўскай гарадской акругі Алена Вінаградава і начальнік упраўлення адукацыі Таццяна Маліннікава расказалі гасцям аб дасягненнях у сферы адукацыі. Асаблівая ўвага, паводле іх слоў, цяпер удзяляецца стварэнню адукацыйных комплексаў (іх у акрузе 27), дзякуючы якім усе этапы навучання дзяцей праходзяць аднолькава камфортна, а галоўнае — бесперапынна. Падобны вопыт аб’яднанняў дзіцячых садоў і школ існуе і ў Беларусі.

— У нас на тэрыторыі раёна таксама функцыянуюць адукацыйныя комплексы. У да-дзены момант створана 8 такіх аб’яднанняў, — расказала расійскім калегам намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Пухавіцкага раённага выканаўчага камітэта Таццяна Рошчына.— Яшчэ адно падабенства ў нашых сістэмах адукацыі ў тым, што некаторыя выпускнікі школ акрамя дыплома атрымліваюць і рабочую прафесію.

Аб узроўні і якасці адукацыі ў муніцыпалітэце могуць расказаць вынікі Адзінага дзяржаўнага іспыту. Дзмітраўская акруга ўваходзіць у дзясятку лепшых раёнаў. Апошнія вынікі экзаменаў наступныя: 80 медалістаў і 9 стобальнікаў, у ліку якіх мультыстабальнік.

Дарэчы, і нашы школьнікі сёлета ўпершыню напішуць адзіны выніковы экзамен. Школьнікі будуць здаваць два прадметы: рускую або беларускую мову, і яшчэ адзін прадмет на выбар, які спатрэбіцца для паступлення ў ВНУ.

На працягу наступных дзён дэлегацыя наведала дашкольныя адукацыйныя ўстановы акругі, флагманскія школы, установы сацыяльнай падтрымкі, дзе настаўнікі абмяняліся вопытам з расійскімі калегамі.

Адной з такіх школ стала Яхромская школа №1. Прынята рашэнне аб тым, што будзе наладжана супрацоўніцтва паміж яе вучнямі і педагогамі з Мар’інагорскай гімназіі. Мэтай праекта стане абмен вопытам па патрыятычным выхаванні моладзі.

Трэба сказаць, што Дзмітраў — горад воінскай славы. У 1941 годзе менавіта пад Дзмітравам быў разбураны міф аб нязломнасці нямецкіх войскаў. У лістападзе-снежні 1941 года на подступах да горада ў выніку гераічнага супраціўлення савецкіх войскаў пацярпелі паражэнне і былі канчаткова спынены нямецкія ўдарныя групоўкі, якія рваліся да Масквы. Таму дзмітраўчане таксама беражліва захоўваюць памяць аб тых, хто аддаў свае жыцці ў імя міру.

— Некалькі дзён у Дзмітраве — гэта тое, што надоўга запомніцца, — кажа намеснік дырэктара Мар’інагорскай гімназіі Наталля Туміловіч. — Не толькі ўражаннямі ад знаёмства з новымі месцамі, але і тым, што мы паспелі ўбачыць падчас наведвання ўстаноў адукацыі. Ёсць вельмі цікавы вопыт працы расійскіх педагогаў, які можа быць прыменены і ў нашых школах. І, безумоўна, нельга не сказаць пра прыемныя эмоцыі ад праяўленай да нас гасціннасці.

Алена ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *