Чым жыве пасялковая бібліятэка ў Праўдзінскім?

На працягу многіх стагоддзяў бібліятэкі з’яўляліся захавальнікамі ведаў і інфармацыі, дзе кожны мог знайсці адказы на свае пытанні. І хаця з развіццём высокіх тэхналогій любыя звесткі сталі даступныя ў інтэрнэце, бібліятэка застаецца патрэбнай, асабліва ў невялікіх населеных пунктах. Людзі сюды прыходзяць не толькі па кнігі, але і проста адпачыць душой.

Загадчыца бібліятэкі Галіна Гаўрычэнкава

У 1975 годзе ў Праўдзінскім гарпасялковым доме культуры была адкрыта Праўдзінская гарпасялковая біблія-тэка. Першапачаткова яна была прафсаюзнай і належала торфапрадпрыемству «Сяргеевіцкае». Бібліятэчны фонд быў невялікі: у асноўным літаратура для спецыялістаў, інжынерна-тэхнічных работнікаў прадпрыемства. За гады змянілася многае: умацавалася матэрыяльна-тэхнічная база, была праведзена рэканструкцыя памяшканняў, вырасла колькасць экзэмпляраў кніг.

Сёння Праўдзінская гарпасялковая бібліятэка застаецца актуальнай і значнай часткай культурнага жыцця жыхароў пасёлка Праўдзінскі. Тут не толькі захоўваюцца кнігі, але і ладзяцца разнастайныя выставы, чытанні, сустрэчы і мерапрыемствы.

— Наш фонд налічвае больш за 10 тысяч кніг. Ён папаўняецца паквартальна як беларускімі, так і расійскімі выданнямі. Паступае шмат дзіцячай літаратуры, у тым ліку пазнавальнага характару, — расказвае загадчыца бібліятэкі Галіна Гаўрычэнкава. — Ёсць у наяўнасці і перыядычныя выданні: 4 газеты і 10 часопісаў, а таксама прыкладна 20 штук дыскаў, якія дазваляюць не толькі чытаць, але і слухаць літаратурныя тэксты.

Сэрца і душа бібліятэкі — гэта яе чытачы. Сярод іх і людзі старэйшага пакалення, і моладзь, і дзеці: усяго каля 700 чалавек. Наведваюць установу ў сярэднім 7600 разоў на год. Да тых чытачоў, якія не могуць прыйсці самі, кнігі дастаўляюць на дом. Так абслугоўваюцца 5 чалавек.

— Я стараюся сачыць за ўсімі навінкамі, каб потым рэкамендаваць іх чытачам, — кажа Галіна Рыгораўна. — Дарослыя аддаюць перавагу класіцы, гістарычным кнігам, жанчыны любяць раманы, моладзь — фэнтэзі, а малым я рэкамендую кнігі, якія фарміруюць беражлівыя адносіны да навакольнага свету.

На базе бібліятэкі функцыянуе 3 аматарскія аб’яднанні. Для жанчын залатога ўзросту, напрыклад, арганізаваны клуб «У асяроддзі сяброў». Яго наведваюць 19 чалавек. Раз на месяц удзельніцы збіраюцца, каб цікава правесці вольны час, разам адзначыць святы.

Праводзіцца актыўная работа з маладзёжнай аўдыторыяй. Бібліятэка цесна супрацоўнічае з Праўдзінскай сярэдняй школай, філіялам Чэрвеньскага будаўнічага каледжа. Юныя чытачы прымаюць удзел у літаратурных, музычных, тэматычных вечарынах. Папулярнасцю ў навучэнцаў каледжа карыстаецца клуб «Гармонія душы», у якім рабяты знаёмяцца з духоўнай літаратурай, жыццём гістарычных асоб.

Вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Для васьмікласнікаў працуе падлеткавы патрыятычны клуб «Паходня». Так, у рамках мерапрыемстваў да 80-годдзя вызвалення Беларусі школьнікаў пазнаёмілі з выставай, прысвечанай гадам вайны. Адбыўся вечар памяці Алены Мазанік, якая праславіла Пухавіччыну сваім подзвігам. Таксама дзецям паказалі серыю твораў “Пухавіччына памятае” пра вязняў канцлагераў. А для пяці- і шасцікласнікаў прайшло мерапрыемства «Дзеці ў гады вайны». У далейшым плануецца правесці сустрэчу з Тамарай Лешчанок, якая ў маленстве спазнала жахі канцлагера.

У канікулярны час тут часта праходзяць віктарыны і забаўляльныя мерапрыемствы па матывах казак. Юныя чытачы знаёмяцца з гісторыяй роднага краю, знакамітымі паэтамі і пісьменнікамі.

Алеся СМІРНОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *