Да 1 сакавіка ўся глебаапрацоўчая тэхніка і пасяўныя агрэгаты павінны быць на лінейцы гатоўнасці

Як расказаў галоўны інжынер ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» Валерый Радчанка, у сельгасарганізацыі 7 адзінак прычапной тэхнікі, якую будуць выкарыстоўваць на вясновым полі ў першую чаргу. Таму зараз рамантуюць менавіта яе.

Зваршчык Андрэй Іётка і трактарыст-машыніст Уладзімір Радкевіч.

У гаспадарцы 11 глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў, дзве кукурузныя сеялкі. Амаль усе маюць патрэбу ў рамонце. Нагрузка на кожную адзінку вельмі істотная, таму тэхніку трэба грунтоўна падрыхтаваць. У сельгасарганізацыі ўжо падрыхтавалі культыватар КШМ-10. Яго рамонтам займаўся Васіль Шпакоўскі, які рабіў замену рабочых органаў.

— З запчасткамі асаблівых пытанняў не ўзнікае, — кажа Валерый Радчанка. — Многае закупляем у Мінаблаграсэрвісе. Усе агрэгаты рамантуем самі, а таксама выконваем усе зварачныя і такарныя работы.

Гэтымі днямі ў рамонтных майстэрнях кіпіць праца. Слесар Аляксандр Бразгаўка фарбуе дыскатар, які адрамантаваў разам з Васілём Шпакоўскім. Андрэй Іётка займаецца зварачнай работай. Каб зрабіць таннейшым рамонт, у гаспадарцы не змяняюць цэлымі вузламі, напрыклад, ступіца, сашнік, а вырабляюць разборку з наступнай заменай падшыпнікаў, сальнікаў, утулак. У райаграсэрвісе дапамагаюць з рамонтамі і іншым гаспадаркам. Тут працуе свой шынамантаж, і работнікам не трэба нікуды звяртацца, каб «пераабуць» тэхніку. У сезон палявых работ рабіць гэта даводзіцца часта. Гэта істотна эканоміць сродкі. Да таго ж, сюды часта звяртаюцца іншыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы: ААТ «Індустрыя-СГ», «Энергія Агра», «Вецярэвічы», Пухавіцкі лясгас.

У моцныя маразы ў сельгас-арганізацыі для механізатараў, занятых рамонтам тэхнікі, скарочаны працоўны дзень. Працуюць тут па прынцыпе: «якасна адрамантаваў замацаваны за табой агрэгат — можаш ісці ў адпачынак». Так зрабілі трактарысты-машыністы Генадзь Козел і Андрэй Мохараў. Яны адрамантавалі два пасяўныя агрэгаты АПП-6Д, у якіх быў складаны рамонт сашніковай групы, а гэта вельмі карпатлівая праца.

Слесар Аляксандр Бразгаўка.

Нягледзячы на ўмовы надвор’я, рамонтныя работы ў ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» не спыняюцца. На лінейцы гатоўнасці стаіць ужо 60 працэнтаў тэхнікі. Яшчэ чакаюць рамонту сеялкі, якія будуць задзейнічаны на сяўбе кукурузы, а таксама пасяўны агрэгат Rabe і іншыя плугі.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Да 1 сакавіка ўся глебаапрацоўчая тэхніка і пасяўныя агрэгаты павінны быць на лінейцы гатоўнасці: 1 комментарий

  • 04.03.2024 в 11:14
    Permalink

    Что посеем, то пожнем. Чтобы осенью взять урожай, весной необходимо как следует поработать и заложить хорошую основу будущему урожаю.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *