Кружыў у вальсе баль апошні

Кружаць у вальсе гімназісты Іван Смаляк і Яна Капылова.

Дзень развітання са школай, дзень апошняга школьнага балю, дзень прыгажосці і маладосціУсё гэта пра яго — пра школьны выпускны баль. Кажуць, што ён ніколі не паўтараецца. А я, між іншым, не згодна: кожны з бацькоў зноў перажывае гэтыя непаўторныя і пазабытыя на нейкі час кранаючыя сэрца і хвалюючыя эмоцыі разам са сваімі дзецьмі, якія неўзабаве выраслі і гатовы сустрэць першы світанак свайго самастойнага жыцця. Менавіта гэта я назіраю штогод, калі бачу, як хвалююцца мамы і таты, назіраючы за сынамі і дочкамі, што прыйшлі на выпускны баль.

Цэнтральная плошча каля раённага палаца культуры ў суботу была проста напоўнена гэтымі шчырымі эмоцыямі бацькоў і дзяцей, якія па традыцыі сабраліся ў Мар’інай Горцы, каб урачыста адзначыць завяршэнне школьнага этапу жыцця юных пухавіччан. Ужо засталіся для іх у гісторыі ўрокі і перапынкі, першыя і апошнія вучнёўскія лінейкі і выпускныя экзамены. Для 289 хлопцаў і дзяўчат з 18 школ раёна наступае самастойнае дарослае жыццё.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ленкавец шчыра віншаваў моладзь з заканчэннем школы і жадаў, каб наперадзе кожнага чакала толькі самае добрае: каб збыліся ўсе спадзяванні, каб менш было перашкод на шляху да пастаўленай мэты, каб не здарылася памылак пры выбары прафесіі, каб паспяховым было паступленне ў навучальныя ўстановы. Ён дзякаваў настаўніцкаму калектыву раёна за тое, што далі дзецям трывалыя веды, стараліся прывіць правільныя погляды, вучылі ставіць правільныя задачы, любіць сваіх бацькоў і нашу краіну. І, канечне, не абышлося і без запрашэння вярнуцца на працу на сваю малую радзіму, якой патрэбны кваліфікаваныя кадры. Тут, у непасрэднай блізкасці ад сталіцы, маладым можна будаваць сваё жыццё:  у нашым раёне шмат моцных і перспектыўных прадпрыемстваў, дзе маладых спецыялістаў чакаюць заўсёды.

Па традыцыі старшыня райвыканкама Сяргей Ленкавец і начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Усік уручылі медалістам іх заслужаныя ўзнагароды. На сцэну разам з лепшымі школьнікамі раёна падняліся і іх бацькі. Яны па праву раздзялілі з дзецьмі радасць атрымання такіх важных адзнак за працу. Дарэчы, сёлета прадстаўніцтва залатых і сярэбраных медалістаў уражвае: 17 адзінаццацікласнікаў атрымалі свае ўзнагароды. Гэта выпускнікі з Мар’інагорскай гімназіі,  з  СШ №2 і  СШ №3 горада Мар’іна Горка, з СШ № 1 пасёлка Дружны.

Медалісты СШ № 1 п. Дружны з мамамі.

Медалістка Альжбета-Альдона Баганік (СШ № 2 г. Мар’іна Горка).

На сцэну падымаліся таксама пераможцы спартыўных спаборніцтваў, актыўныя ўдзельнікі  творчага жыцця школ, актывісты БРСМ. Было зразумела, што ў самастойнае жыццё Пухавіччына адпраўляе  сапраўды цікавых, актыўных і неабыякавых людзей, у чые рукі неўзабаве трапіць будучае краіны.

А потым пад гукі вальса на плошчы кружыліся пары. Гэта быў апошні школьны танец. Прыгожы, чароўны… Такім няхай будзе і самастойнае жыццё нашых выпускнікоў.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *