Напярэдадні веснавой сельскагаспадарчай кампаніі традыцыйна вядзецца падрыхтоўка тэхнікі да палявых работ

Перад пачаткам вясновай пасяўной кампаніі праходзіць дзяржаўны тэхнічны агляд машынна-трактарнага парка ў сельгаспрадпрыемствах. Яго мэта — не дапусціць да ўдзелу ў дарожным руху машыны, якія не адпавядаюць  патрабаванням для забеспячэння бяспекі на дарогах. Абавязковаму тэхагляду падлягаюць колавыя трактары, прычэпы, пагрузчыкі і іншая самаходная тэхніка. Дзяржаўны тэхнічны агляд сёлета праходзяць 285 трактароў (у тым ліку 71 энерганасычаны маркі «Беларус»), 98 прычэпаў, 56 пагрузчыкаў.

Вясна сёлета,  па папярэдніх прагнозах,  пачнецца раней, чым звычайна, а, значыць, і тэхніка, якая выйдзе ў поле ўжо ў сакавіку,  павінна быць на лінейцы гатоўнасці.

— Асноўная задача — не дапусціць да ўдзелу ў дарожным руху транспартныя сродкі, якія маюць непаладкі, — расказвае галоўны дзяржаўны інспектар сектара па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ягор Ганчарык. — Таму асаблівая ўвага надаецца спраўнасці рулявога кіравання, тармазной сістэмы, светлавой і гукавой сігналізацыі як найбольш важным паказчыкам, якія ўплываюць на бяспеку дарожнага руху.

Напрыклад,  у ААТ «Голацк», «Агра-Абярэг», СУП «Дукора-Агра», ПСУ «Рудзенскае», ААТ «Індустрыя-СГ» да дзяржтэхагляду рыхтаваліся з вялікай адказнасцю.

Дарэчы, летась машынна-трактарны парк гаспадарак значна папоўніўся, што дасць магчымасць больш якасна і ў тэрмін выконваць сельскагаспадарчыя работы.  Вялікія сродкі ўкладаюць у сельгасарганізацыях у набыццё новай тэхнікі. Напрыклад, у ААТ «Агра-Абярэг» набылі чатыры трактары «Беларус-82», пагрузчык, грузавы аўтамабіль з прычэпам. У ААТ «Голацк» — тры грузавыя аўтамабілі, два трактары, у ААТ «Энергія Агра» — энерганасычаны трактар «Беларус-3522», у ПСУ «Рудзенскае» — трактар «Беларус-1221».

— Па выніках дзяржаўнага тэхнічнага агляду выдаецца допуск да ўдзелу ў дарожным руху, — адзначыў Ягор Ганчарык. — Машыны, прызнаныя няспраўнымі, могуць быць паўторна прадстаўлены да агляду пасля ўхілення няспраўнасці, таму ў інжынерных службаў яшчэ ёсць час на ліквідацыю выяўленых недапрацовак.

Аграрыі разумеюць: чым больш адказна яны паставяцца да этапу падрыхтоўкі тэхнікі, набыцця неабходных запчастак, рамонтных работ, тым надзейней пакажуць сябе машыны ў гарачую пару пасяўной кампаніі і больш бяспечна будзе на дарогах.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *