Паглядзелі, што можна набыць на восеньскім кірмашы ў Мар’інай Горцы

Традыцыйна восень — час нарыхтовак. Сёлета, нягледзячы на капрызы надвор’я, сабраны багаты ўраджай гародніны на прысядзібных, дачных участках, у фермерскіх гаспадарках. Восеньскія кірмашы прыцягваюць усіх, хто не мае магчымасці вырасціць сваю сельгаспрадукцыю. Прываблівае даступнасць коштаў, якасць і свежасць гародніны і садавіны, бо практычна ўсё адразу пасля ўборкі ўраджаю паступае да пакупніка.

Сезон сельскагаспадарчых кірмашоў у нашым раёне стартаваў у сярэдзіне верасня. У Мар’інай Горцы кірмаш у мінулую суботу быў вялікі. Радаваў выбар бульбы. Напрыклад, гатункі “скарб”, “джувел”, “каралева Ганна” можна было купіць па 60 капеек за кілаграм, цыбулю прапаноўвалі па 80 капеек за кілаграм, па такім жа кошце прадавалася і морква. Перац і памідоры — па 2 рублі, журавіны — па 10 рублёў за кілаграм.

Шмат прадаўцоў на кірмашы было са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Яны традыцыйна прывезлі вырашчаную на сваіх участках сельгаспрадукцыю: памідоры, перцы, капусту, цыбулю, часнок, фасолю.

А які кірмаш без свежай рыбы? Гандляры з ААТ “Рыбгас “Чырвоная слабада” Салігорскага раёна прывезлі карпа, амура, таўсталобікаў, шчупака. Да адзінаццаці гадзін карп і амур былі распрададзены.

Па 20 рублёў за літр і па 10 рублёў за паўлітра можна было купіць мёд, які прапаноўваў пчаляр з аграгарадка Турын.

— У мяне ўжо тут свае пастаянныя пакупнікі, — пахваліўся прадавец. — Мой мёд не толькі прыгожы і духмяны, але і экалагічна чысты, без дабавак.

Рэкламу свайму мёду рабіў і прадавец з суседняга Чэрвеньскага раёна Анатоль Жыгалкоўскі:

— Я ўжо 30 гадоў займаюся пчоламі. У мяне 120 сем’яў. У тым годзе 7 тон мёду адпампаваў і ўсё рэалізаваў. Кірмашы — сапраўды добрая магчымасць прадаць сваю прадукцыю. Планую прыязджаць на кожны. Пухавіччане ахвотна купляюць мой мёд.

Дарэчы, на кірмашы сапраўды было з чаго выбраць. І не толькі мёд, але і шмат іншай прадукцыі. Пухавіччанка Любоў Бірыла, напрыклад, была здзіўлена тым, што можна было купіць нават кізіл. Многіх на кірмашы цікавіла збожжа. Ім гандлявалі прадстаўнікі Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа і сялянскай фермерскай гаспадаркі “Юніцкага”.

Сезонныя кірмашы прадоўжацца да 5 лістапада, таму яшчэ ёсць магчымасць зрабіць запасы на зіму.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *