Пухавіччане адзначылі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Галоўнае свята краіны — Дзень Незалежнасці — 3 ліпеня святкавала Беларусь.  Гэта дата, якая аб’ядноўвае людзей, бо ёсць агульная памяць пра Вялікую Айчынную вайну, пра жудасныя гады акупацыі і падзеі 1944 года, калі Чырвоная Армія вызваліла тэрыторыю рэспублікі ад фашысцкіх захопнікаў. Ёсць агульная праца дзеля таго, каб краіна займала дастойнае месца ў міжнароднай супольнасці, была ўтульнай і бяспечнай  для сваіх грамадзян. І ёсць  агульная рашучасць зрабіць усё магчымае, каб Беларусь заставалася незалежнай.

Усе гэтыя ідэі ляглі ў аснову мерапрыемстваў, якія прайшлі перад значнай датай і ў  святочны дзень. Напярэдадні свята віншаванні атрымалі ветэраны  Вялікай Айчыннай вайны, малалетнія вязні, тыя, хто, будучы падлеткам, працаваў у тыле, таксама набліжаючы Перамогу. На жаль, у нашым раёне іх засталося толькі 30 чалавек.

Успаміналі і тых, хто не вярнуўся з вайны.  Стала ўжо традыцыяй у Мар’інай Горцы  напярэдадні Дня Незалежнасці праводзіць памятныя мерапрыемствы каля кожнага помніка героям Вялікай Айчыннай вайны. А іх у горадзе нямала: мемарыял у гонар 8-й танкавай дывізіі і комплекс “Алея воінскай Славы”, памятны знак каля ваеннага камісарыята, дзе ў самым пачатку акупацыі загінулі савецкія салдаты, паспрабаваўшыя вырвацца з палону, помнікі камсамолцы-падпольшчыцы Любе Гайдучонак і Герою Савецкага Саюза артылерысту Васілю Токараву ў гарадскіх скверах, самаходная артылерыйская ўстаноўка, адна з тых, што прымала ўдзел у вызваленні Мар’інай Горкі ў 1944 годзе, і помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў, падпольшчыкаў і партызан у цэнтры горада. Усе гэтыя памятныя месцы 2 ліпеня наведалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі горада. Яны ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі кветкі да мемарыялаў. Такія  мерапрыемствы прайшлі і ў іншых населеных пунктах раёна.

3 ліпеня дэлегацыя раёна прымала ўдзел ва ўрачыстым мера-прыемстве, якое прайшло з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  на Кургане Славы.

У Мар’інай Горцы ў гэты дзень урачыстасці адкрыў  мітынг, які прайшоў каля помніка ў гонар воінаў-вызваліцелаў, партызан і падпольшчыкаў, якія адстаялі ў гады Вялікай Айчыннай вайны свабоду і незалежнасць нашай краіны. Да яго ўдзельнікаў звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Прановіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ветэран Узброеных Сіл Іван Фонаў, ваенны камісар раёна Кірыл Бараноўскі, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі навучэнцаў Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа Аляксей Зубенка. Яны гаварылі аб мужнасці і гераізме нашых продкаў, адстаяўшых свабоду краіны, аб тым, як важна ў наш непросты  час аб’яднаць агульныя  намаганні, каб  зберагчы незалежнасць Беларусі. Яркімі момантамі ў ходзе мера-прыемства сталі музычныя нумары і паказальныя выступленні ваеннаслужачых вайскавой часткі  89417.

Святочныя мерапрыемствы ў горадзе  праходзілі на працягу ўсяго дня. Асобная праграма была арганізавана для дзяцей у скверы за цэнтрам культуры. Уздоўж вуліц Савецкая і Ленінская  размясціліся гандлёвыя рады, дзе можна было набыць і прысмакі, і сувеніры.  Асабліва шматлюдна было каля шатра экапарка “Акварэль”, яго фотазоны і зоны адпачынку.

Падлеткаў прываблівала выстава зброі і ваеннай тэхнікі, якую  арганізавалі вайскоўцы.  Прыцягнуў да сябе ўвагу і аб’яднаны стэнд цэнтральнай раённай бібліятэкі і раённага краязнаўчага музея. Супрацоўнікі культуры прапанавалі  гасцям свята паўдзельнічаць у… археалагічных раскопках і знайсці ваенныя артэфакты.  Для таго, каб узяць удзел  у гэтым інтэрактыўным мерапрыемстве, у чаргу выстраіліся не толькі дзеці, але і дарослыя.

Да самага позняга часу на плошчы каля цэнтра культуры доўжыўся канцэрт, удзельнікамі якога сталі творчыя калектывы раёна і запрошаныя госці  — група “Кантрабанда”.  Завяршылі святочныя  мерапрыемствы акцыя “Спяваем Гімн разам” і  феерверк.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *