Пухавіччанка адзначыла 100-гадовы юбілей

У гэтым годзе на дзень нараджэння Вольгі Шантар у яе хаце было асабліва шматлюдна. Павіншаваць Вольгу Яўгенаўну сабралася амаль уся вялікая сям’я. Цудоўная нагода для сустрэчы — 100-гадовы юбілей.

Праз некалькі дзён да юбіляркі зноў завіталі госці. Новы пашпарт ёй уручыла начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пухавіцкага РАУС Вольга Мазанік. Моцнага здароўя і добрага настрою Вользе Яўгенаўне пажадалі старшыня Пухавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла Гулякевіч і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Васіліна Круцікава. Яны прыехалі з падарункамі ад прафсаюзаў і ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

У Мар’інай Горцы Вольга Шантар жыве апошнія дваццаць гадоў. З Любанскага раёна на Пухавіччыну бабулю забрала ўнучка Таццяна.

— Так склалася, што па жыцці мы з бабуляй заўсёды ідзём побач. Да сямі гадоў яна гадавала мяне. Падчас навучання ў каледжы я пастаянна жыла ў бабулі, — расказвае Таццяна Кузняцова. — Цяпер мая  чарга даглядаць роднага чалавека.

Вольга Яўгенаўна — вельмі пазітыўная, добрая і працалюбівая. Нават цяпер, нягле-дзячы на ўзрост,  яна імкнецца дапамагаць мне ў хатніх справах. Яшчэ два гады таму працавала ў агародзе. Зараз можа зварыць суп, напячы бліноў і булак. Усё жыццё бабуля працавала ў сферы кулінарыі, таму  ў яе і засталася любоў да гатоўкі.

З асаблівымі пачуццямі ў сям’і ўспамінаюць пра вайну. Унукі захоўваюць шматлікія медалі дзядулі, які дайшоў да Берліна і атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Таксама ў сямейным архіве захавалася даведка, якая датуецца снежнем 1944 года. Дакумент па-цвярджае, што Вольга Шантар жыла ў партызанскай зоне з кастрычніка 1943 года. Як і многія людзі, яна дапамагала партызанам.

— Бабуля насіла ім узрыўчатку, якой падрывалі чыгуначныя пуці. Клала яе ў кошык, зверху — яйкі, і ішла да партызан, — працягвае распавядаць унучка Таццяна. — Аднойчы яе спынілі немцы. Вольга Яўгенаўна казала, што ў думках ужо развіталася з жыццём, але, на шчасце, немцы былі галодныя. Яны забралі толькі яйкі і не заўважылі, што было ў кошыку.

Пасляваенныя часы таксама былі цяжкімі. Прыходзілася шмат працаваць, каб пракарміць траіх дзяцей.  Муж-урач ад ранку да позняга вечара быў на працы. З усімі хатнімі клопатамі і вялікай гаспадаркай Вольга Яўгенаўна спраўлялася адна.

Уся сям’я любіць паслухаць жыццёвыя гісторыі бабулі. У стогадовай юбіляркі шэсць унукаў, столькі ж праўнукаў і адзін гадавалы прапраўнук.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *