Пухавіччына сустракала фестываль народнай творчасці Мінскай вобласці “Напеў зямлі маёй”

Двадцаць тры калектывы з усяго сталічнага рэгіёна, больш за семсот артыстаў і разнастайная жанравая палітра народнага мастацтваусё гэта фестываль народнай творчасці Мінскай вобласціНапеў зямлі маёй”. У мінулую суботу Пухавіччына сустракала музычнае свята ўжо ў пятнаццаты раз. Юбілейны фестываль прысвяцілі народнаму артысту Беларусі і СССР, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, знакамітаму кампазітару і нашаму земляку Ігару Лучанку, які сёлета адзначыў сваё 80-годдзе.

“Я песні прысвяціў жыццё” — так называлася выстава  з нагоды юбілея нашага земляка, арганізаваная ў фае раённага цэнтра культуры. У экспазіцыі — копіі  фотаздымкаў кампазітара, некаторыя асабістыя рэчы, перададзеныя Ігарам Лучанком  Пухавіцкаму  раённаму  краязнаўчаму  музею. На жаль, па стане здароўя Ігар Міхайлавіч  не змог прысутнічаць на фестывалі.

Святочная атмасфера панавала ў горадзе з самай раніцы.  Плошчу каля цэнтра культуры ўпрыгожылі рознакаляровымі сцяжкамі, там  ладзілі і выставу-продаж сувеніраў ад пухавіцкіх майстроў. Увагу гасцей і гараджан прыцягвала  яскравае выступленне аркестра в/ч 89417. У фае цэнтра культуры прыемныя  сюрпрызы працягнуліся. Тут развярнулася выстава вырабаў цэнтра творчасці дзяцей  і моладзі “Світанак”, лірычны настрой ствараў ансамбль “Парціо” Дружненскай дзіцячай школы мастацтваў. З нагоды Дня маці ўсім жанчынам уручалі невялікія падарункі.

Юбілейны “Напеў зямлі маёй” пачаўся пад гукі знакамітай мелодыі Ігара Лучанка “Мой родны кут”. У цырымоніі адкрыцця фестывалю прынялі ўдзел намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч,  старшыня Пухавіцкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ленкавец і старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Гайдукевіч. Шмат добрых слоў было сказана пра нашага земляка Ігара Лучанка.

Старшыня  райвыканкама выказаў падзяку Мінскаму абласному выканаўчаму камітэту за дапамогу ў арганізацыі фестывалю.

Штогод выступленне канкурсантаў  ацэньвае аўтарытэтнае журы. Сёлета ў яго складзе Заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко, Уладзімір Ткачэнка, Святлана Кашталапава і іншыя знакамітыя дзеячы культуры.  Шчырымі апладысментамі гледачы віталі народнага артыста Беларусі, сустаршыню журы Міхаіла Дрынеўскага.

Пасля на працягу некалькіх гадзін на сцэне быў сапраўдны россып талентаў. Усе  нумары пачыналіся з відэапрэзентацый калектываў. Вакальныя і харэаграфічныя пастаноўкі,  перапляценне фальклорных і сучасных матываў — кожнае выступленне вылучалася сваёй адметнасцю.

Пачалі канцэртную праграму прадстаўнікі Нясвіжскага раёна. На сцэну выйшлі адразу пяць калектываў. Харэаграфію і музыку ў сваіх нумарах спалучалі таксама  прадстаўнікі Стаўбцоўскага, Любанскага, Смалявіцкага раёнаў. Узорны ансамбль народнай музыкі “Бараўлянская крынічка” (Мінскі раён) падрыхтаваў  тэатралізаваную пастаноўку, прысвечаную маці. Запамінальным і кранаючым атрымаўся нумар у прадстаўнікоў Клецкага раёна. Клятчане выбралі тэму малой радзімы і за некалькі хвілін у песнях і танцах раскрылі сваю любоў да роднага краю. Завяршылася іх выступленне лірычнай песняй.

Тэма беларускай культуры стала асноўным лейтматывам большасці выступленняў. Яркасцю і самабытнасцю вылучаліся вакальныя нумары артыстаў  са Слуцкага, Лагойскага, Смілавіцкага, Бярэзінскага і Барысаўскага раёнаў.

Прыемна здзівіў харэаграфічны калектыў “Беларусачка” Дома культуры пасёлка Энергетыкаў (Дзяржынскі раён). Адна з удзельніц калектыву… узляцела над сцэнай. Такі трук выклікаў дружныя апладысменты.

Фальклорныя і джазавыя матывы прагучалі ў выкананні аркестраў і музычных  калектываў   з  Капыльскага,   Салігорскага,  Маладзечанскага, Жодзінскага раёнаў.

Пухавіччане выйшлі на сцэну пад нумарам сямнаццаць. Дзеля пастаноўкі “Кола лёсу” ў музычным жанры фолк-рок свае творчыя намаганні аб’ядналі народны ансамбль народных інструментаў “Крыніца” Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Андрэй Федзянкоў) і сямейны ансамбль “Жывіца” Борскага сельскага Дома культуры (кіраўнік Юрый Крывашэй).

— У нашым рэпертуары — народныя і эстрадныя кампазіцыі. Нам было цікава паспрабаваць сябе ў новым накірунку. Новыя вобразы, новы нумар — для нашага ансамбля гэта быў першы такі эксперымент, — расказала салістка ансамбля “Жывіца” Наталля Крывашэй. — Мы не глядзелі выступленні іншых калектываў. Вакалісты мяне зразумеюць: калі слухаеш музыку, галасавыя звязкі ўсё роўна працуюць.  Цяпер з нецярпеннем чакаем вынікаў.

Пакуль журы абмяркоўвала творчыя нумары, гледачоў і артыстаў сваім выступленнем радаваў Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, вакальны ансамбль “Чысты голас”.

Інтрыга на фестывалі захоўвалася да апошняга моманту. Перад аб’яўленнем вынікаў — цырымонія ўзнагароджання лепшых работнікаў культуры вобласці з нагоды прафесійнага свята. Прыемна, што сярод іх ёсць і нашы землякі. Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама  атрымалі  мастацкі кіраўнік раённага цэнтра культуры  Святлана Вярбінава і мастацкі кіраўнік ансамбля народнай песні “Мілавіца” Дубраўскага сельскага Дома культуры Васіль Мукавозчык.

Падводзячы вынікі фестывалю, намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч адзначыў, што Пухавіччына —  культурная сталіца Міншчыны. Іван Станіслававіч падкрэсліў добрую падрыхтоўку і правядзенне фестывалю на высокім узроўні.

Лаўрэаты дыпломаў трэцяй ступені ў якасці прызоў атрымалі  партатыўныя камп’ютары. Падарункі для ўладальнікаў дыпломаў другой ступені — камплект гукавога абсталявання. Новая апаратура з’явіцца  і ў нашых землякоў — пухавіччане атрымалі дыплом другой ступені.

Дыпломам першай ступені ўзнагародзілі ўзорны эстрадны аркестр Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў. Уладальнікам Гран-пры стаў  народны харавы калектыў і дзіцячы харавы калектыў “Звонкія галасы” Клецкай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Віктар Кабылкін). Галоўны прыз — мікрааўтобус — адправіўся ў Клецк.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.   

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *