Сельгасарганізацыі ставяць тэхніку на захоўванне
З сярэдзіны верасня ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна прыступілі да пастаноўкі тэхнікі на працяглае захоўванне і навядзення тэхналагічнага парадку на машынных дварах. Усяго ў сельскагаспадарчых арганізацыях неабходна паставіць на захоўванне 1014 адзінак тэхнікі, у тым ліку зернеўборачных камбайнаў — 94, корманарыхтоўчых — 43.
— На дадзены момант 47 працэнтаў збожжаўборачных камбайнаў пастаўлены на захоўванне, — расказвае загадчык сектара Дзяржтэхнагляду Дзяніс Шырокі. — Уся тэхніка, якая вызвалілася ад палявых работ, павінна быць пачышчана, неабходна зняць некаторыя вузлы і акумулятары. Неабходна правесці і дэфектоўку тэхнікі.
Да працы ў зімовых умовах падрыхтаваны рамонтныя майстэрні. Неабходна звярнуць увагу на тое, што павінны быць пазначаны пляцоўкі для захоўвання сельгасмашын і абсталяваны пляцоўкі для захоўвання металалому, шын для ўтылізацыі, міжсезоннага захоўвання агрэгатаў. На кожным машынным двары павінен быць тэхналагічны парадак: правільнае захоўванне тэхнікі паводле яе відаў і марак.
Самы вялікі парк камбайнаў у ААТ «Зазерка» — 10 адзінак, «Агра-Абярэг» — 9, «Голацк» — 8 і ў СУП «Дукора-Агра» — 6.
— Трэба адзначыць, што ў гэтых арга-нізацыях вельмі адказна падышлі да пастаноўкі тэхнікі на захоўванне, — кажа Дзяніс Генадзьевіч. — Нядрэнна вядзецца работа таксама ў СГФ «Дрычын» і ў ПСУ «Рудзенскае», дзе 60 працэнтаў тэхнікі знаходзіцца ўжо пад дахам.
А вось такія сельгасарганізацыі, як ЭБ «Зазер’е», ААТ «Суцінскі» і «Шацк» яшчэ не прыступілі да пастаноўкі збожжаўборачных камбайнаў на захоўванне.
Створана мабільная група па маніторынгу якасці пастаноўкі тэхнікі на захоўванне, падрыхтоўкі рамонтна-абслугоўваючых баз да работы ў зімовых умовах, парадку на машынных дварах у сельгасарганізацыях. Маніторынг спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама праводзіцца кожны тыдзень.
Застаецца ўсё менш часу, каб паспець паставіць тэхніку на зімовае захоўванне.
У канцы кастрычніка гатоўнасць машынна-трактарнага парку да зімы і парадак на машынных дварах ужо праверыць абласная мабільная група.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.