Школьнікі з Блоні наведалі мемарыял у Баруслава

Прыемная летняя спякота… Я з вучнямі Блонскай сярэдняй школы ўпершыню еду ва ўрочышча “Баруслава”. Скажу чэсна, ніколі раней там не была (як і мае папутчыкі, дарэчы), таму мы  не ведаем, што гэта за месца, што нас там чакае …

Ціха шуміць лес. Усё быццам надае атмасферу супакойства. Але так было тут не заўсёды… У час Вялікай Айчыннай вайны ў Баруславе быў партызанскі лагер. Цяпер тут, у глыбіні лесу, размешчаны  партызанскія могілкі.

У рамках Года гістарычнай памяці і перад Днём вызвалення Беларусі школьнікі з Блонскай сярэдняй школы пабывалі ў Баруславе. Мерапрыемства было арганізавана в/ч 89417 і абаронна-спартыўным лагерам “Защитник», які працуе на базе ДУА “Блонская СШ”.

– На маю думку, такія мерапрыемствы важны сёння як ніколі,– кажа маёр Сяргей Яўгенавіч Каташ. – Маладому пакаленню складана ўявіць, праз якія выпрабаванні прайшлі нашы продкі падчас Вялікай Айчыннай. І каб памятаць пра подзвіг народа, трэба наведваць такія месцы.

Старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч расказаў рабятам , як жылі, выжывалі і набліжалі Перамогу партызаны з брыгады “Полымя”. Ён расказаў і пра зямлянкі: як іх будавалі, як у іх жылі… У дзяцей была магчымасць убачыць адноўленыя зямлянкі і нават спусціцца ў іх.

– Мне спадабалася гэтае мерапрыемства, – кажа вучаніца Блонскай сярэдняй школы Ксенія Алмамедава. – Я даведалася не толькі пра герояў сваёй малой Радзімы, але і ўбачыла, як яны жылі. Для нас, школьнікаў, такія мерапрыемствы патрэбны, каб мы памяталі, якую цану заплацілі за мірнае неба.

Мемарыял у Баруслава – унікальнае месца ў нашым раёне, дзе, я лічу, трэба пабываць кожнаму. Гэта лагічна, бо амаль кожны з беларусаў быў калісьці на Кургане Славы або ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. А колькі пухавіччан пабывалі ва ўрочышчы “Баруслава”?.. Думаю, што не так многа. Таму раю: наведайце гэты лес і паслухайце яго насцярожаную цішыню…

Паліна Бабук, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *