Старшыня Пухавіцкага райвыканкама завітаў на ўрачыстую лінейку Ў Ананіцкую школу

Старшыня райвыканкама Віктар Каляда ўручыў дырэктару ДУА «Ананіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа» Таццяне Кавалёвай сертыфікат на 18 тысяч рублёў для правядзення рамонтных работ установы адукацыі.

У дзівосны свет ведаў накіраваліся сто чатыры вучні Ананіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. З асаблівым хваляваннем на свой першы ўрок спяшаліся першакласнікі. Сёлета за школьныя парты ўпершыню селі васямнаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак. За апошнія два дзесяцігоддзі гэта самы вялікі набор першакласнікаў.

Надзейным і мудрым сябрам для вучняў першага класа стане Ірына Смаляк. Педагагічны стаж Ірыны Міхайлаўны больш за 40 гадоў. Усім сваім вучням вопытны настаўнік перадае цікавасць да ведаў.


На ўрачыстую лінейку ў школу завітаў старшыня Пухавіцкага райвыканкама Віктар Каляда. Віктар Міхайлавіч адзначыў добрую сумесную працу кіраўніцтва школы і бацькоў па падрыхтоўцы навучальнай установы да новага навучальнага года. Летам сваімі сіламі адрамантавалі фае, замянілі ўваходную групу, зрабілі касметычны рамонт класаў, на дзіцячай пляцоўцы з’явіўся «куток бяспекі».


З каштоўнымі падарункамі на ўрачыстае мерапрыемства прыехаў дырэктар ТАА «Ананічы» Антон Марус.
Гэта вераснёўская лінейка запомніцца таксама шасці адзінаццацікласнікам, для якіх вандроўка па школьным жыцці выйшла на фінішную прамую.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *