Такое здараецца на конкурсах прыгажосці і таленту
Звычайны цуд.
Такое здараецца на конкурсах прыгажосці і таленту.
Ці можна пазайздросціць членам журы хаця якіх конкурсаў? Асабліва конкурсаў прыгажосці? А калі ён яшчэ і дзіцячы? Я не спяшалася б даваць станоўчы адказ. Упэўнена, што заўсёды складана выбраць пераможцу, бо кожны чалавек прыгожы па-свойму. І па-свойму таленавіты. І тут параўноўваць, мне здаецца, немагчыма. Хіба толькі разлічваць на тое, што нехта з удзельнікаў будзе крыху больш упэўненым на сцэне, крыху больш пераканаўчым, выразным, артыстычным.
Думаю, менавіта гэтым кіраваліся і члены журы конкурсу «Юная ледзі», калі выбіралі пераможцу. Мне, напрыклад, здалося, што дзяўчынкі былі не толькі практычна роўнымі па ўзросце, але і ў сваіх выступленнях.
Пра сябе і сваю сям’ю Лізавета Мігуцкая, Крысціна Чауніна, Анастасія Гнёт, Анастасія Фралова, Арына Панкратовіч і Ульяна Смычкова расказалі ў візітнай картцы, прадставіўшы фота і відэа-прэзентацыі.
У творчым конкурсе ўсе ўдзельніцы чыталі вершы і выконвалі песні.
А ў дэфіле гледачы ўбачылі, як звычайныя дзяўчынкі ператварыліся на нашых вачах у незвычайна прыгожых прынцэс… Як жа тут назваць лепшую з іх?
Пакуль журы думала над гэтым, прыз сімпатый гледачоў шукаў будучую ўладальніцу прама ў зале. Даўжэй за ўсё па часе (яго вымяраў па гадзінніку вядучы) гледачы віталі Арыну Панкратовіч з Мар’інагорскай гімназіі, якая пакарыла ўсіх выкананнем песні «Кацюша». Гэта выкананне, упэўнена, і стала прычынай таго, што журы назвала Арыну «Міс талент».
А вось галоўны прыз дастаўся Анастасіі Гнёт з СШ №2 г. Мар’іна Горка. Першымі, хто павіншаваў юную ўдзельніцу з перамогай, была яе шматлікая сямейная група падтрымкі.
Алёна ШАНТЫКА.