У Дружным працягваецца будаўніцтва дзіцячага садка

 

На будаўнічую пляцоўку каля СШ №1 пасёлка Дружны будаўнікі прыйшлі летам бягучага года.  А сёння ўжо ідзе будаўніцтва трэцяга паверха будучага дзіцячага садка.

— На дадзены момант патрэбы бацькоў у месцах для дзяцей ва ўстановах дошкольнай адукацыі ў гэтым рэгіёне задавальняюцца, аднак адбываецца гэта цаной перагружанасці груп, — кажа намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алена Шастакова.—Таму рашэнне аб будаўніцтве новага дзіцячага садка было прынята больш чым своечасова .  Асабліва калі ўлічыць, што ў Дружным ідзе актыўнае будаўніцтва прадпрыемстваў.  Пасёлак развіваецца, маладзее, таму патрэба ў месцах у дзіцячых садках будзе з кожным годам толькі расці.

Будаўніцтва дзіцячага сада вядзе сталічная арганізацыя СУ-20 Мінскпрамбуд, якая ў гэтым годзе здала пад ключ плавацельны комплекс «Аквамарын» у Мар’інай Горцы.

Праект будучага садка тыпавы, але цалкам сучасны.  Будынак будзе трохпавярховым.  Садок змогуць наведваць  230 чалавек.  У садзе прадугледжаны плавацельны басейн, ліфт.

Падчас будаўніцтва будзе асвоена 9842 тысячы рублёў.

Падчас грамадскіх абмеркаванняў было прапанавана назваць новы дзіцячы сад «Васілёк».  Гэтую ідэю выказалі педагогі Блонскай СШ.  Што ж,  да «Зубраняці» і «Сонейка» (так называюцца дзеючыя дзіцячыя дашкольныя ўстановы ў Дружным) «Васілёк» цалкам, мне здаецца, падыдзе.

Здача аб’екта плануецца ў жніўні наступнага года.  Значыць, новы навучальны год у пасёлку пачнецца ўжо  ў чатырох установах адукацыі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *