У камандзе стваральнікаў Беларускай Рэспублікі быў наш зямляк

Аляксандр Чарвякоў.

На выставе краязнаўчага музея, прысвечанай нашым выдатным землякам, партрэт Аляксандра Чарвякова адразу прыцягвае ўвагу. А побач фотаздымкі, на якіх Аляксандр Рыгоравіч з сялянамі, са сваімі роднымі… Усебеларускі стараста, як яго ў 20-я гады мінулага стагоддзя  называлі ў нашай рэспубліцы,  усюды аднолькава просты і прыветлівы… Але разглядаючы гэтыя фотаздымкі,  пачынаеш адчуваць, што на іх сапраўды чалавек-легенда.

Аб утварэнні на нашых землях  рэспублікі на сацыялістычнай аснове абвясціў Маніфест  Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, які быў створаны 1 студзеня 1919 года ў Смаленску.  Подпісы пад ім паставілі Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Мяснікоў,  Ісак Рэйнгольд, Сямён Іваноў і наш зямляк Аляксандр Чарвякоў.

Нарадзіўся будучы палітычны дзеяч 8 сакавіка 1892 года ў вёсцы Дукорка Ігуменскага павета Мінскай губерні (зараз Дукора) ў небагатай сям’і. Яго бацька ўмеў чытаць і пісаць, і дзяцей сваіх  з малога ўзросту вучыў грамаце. У пошуках заробку бацька ван-драваў па дваранскіх маёнт-ках, пакуль не дабраўся да самой Вільні, куды ў хуткім часе перабралася і ўся сям’я.  Аляксандр Чарвякоў  па-ступіў у Віленскі настаўніцкі інстытут, затым паехаў у Троцкі павет вучыць дзяцей літоўскіх сялян. Ён хутка становіцца сярод мясцовых жыхароў чалавекам паважаным, бо, каб лепей іх разумець, вывучае літоўскую і польскую мовы, якімі карыстаецца на ўроках разам з расійскай. За гэта ён атрымлівае статус “нядобранадзейнага”. У гэты час Чарвякоў пачынае актыўна  займацца палітыкай. У 1917 годзе ён становіцца   адным з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, якая будзе праводзіць ідэю самавызначэння Беларусі на савецкай аснове.

У 1918 годзе ён займае пасаду камісара Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Петраградзе, праз год уваходзіць у першы ўрад БССР, а ў 1920 годзе будзе абраны старшынёй Савета народных камісараў і Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР. Апошнюю  пасаду ён займаў да самай сваёй смерці ў 1937 годзе. За гэты час ён шмат чаго зрабіў для Беларусі.

Чарвякоў быў у ліку тых, хто марыў аб беларускай дзяржаўнасці. І стаў членам каманды, якая зрабіла першыя крокі да таго, каб мара стала рэальнасцю. Як паказаў час, гэтыя людзі  ўсё правільна разлічылі і зрабілі крок да таго, каб на палітычнай карце свету з’явілася назва “Беларусь”, якой да гэтага ніколі не было.

Аб гэтым варта памятаць. І час ад часу наведвацца ў раённы краязнаўчы музей, каб аб лёсе дзяржавы паразважаць каля партрэта сапраўднага чалавека-легенды, які напісаў, дарэчы, наш зямляк Уладзімір Ішуцінаў.

Імя Аляксандра Чарвякова прысвечана Свіслацкай сярэдняй школе. Памятаюць свайго земляка і ў Дукоры, на яго малой радзіме.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *