У мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея працуе навагодняя выстава

Акунуцца ў навагоднюю гісторыю прапануюць у мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея. Там працуе выстава, прысвечаная галоўным зімовым святам — Новаму году і Нараджэнню Хрыстову.

У першую чаргу арганізатары выставы прапануюць успомніць,  наколькі папулярнай раней была традыцыя напярэдадні святаў адсылаць родным і сябрам віншавальныя паштоўкі. Менавіта ім прысвечаны адзін са стэндаў выставы. На ім размясціліся 143 паштоўкі савецкіх часоў, у тым ліку і тыя, што прадаставіў музею наш зямляк, міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч.

Ёлка  — абавязковы атрыбут навагодніх святаў. І цацкі, якімі яе ўпрыгожвалі, таксама. Вялікі раздзел выставы прысвечаны менавіта ёлачным  упрыгожванням. Тут успамінаюцца часы, калі большасць шароў былі шклянымі, а сярод цацак на ёлачных галінках можна было ўбачыць фігуркі касманаўта і нават  партызана. Шкляныя ёлачныя цацкі сярэдзіны мінулага стагод-дзя прадаставілі на выставу жыхары Мар’інай Горкі Таццяна Валасюк, Клаўдзія Блізнец, Наталля Міхасёва, Барыс Муха.  Па-сапраўднаму рарытэтнай з’яўляецца прадстаўленая на выставе калекцыя ёлачных упрыгожванняў, якія некалі выпускаў Ру-дзенскі завод пластмасавых вырабаў (зараз ААТ “Рудзенск”).

Яшчэ адным святочным атрыбутам можна назваць гадзіннікі. Менавіта на іх мы паглядаем, каб не прапусціць хвалюючы момант наступлення Новага года. Калекцыя старажытных гадзіннікаў на выставе гарманічна дапаўняе іншыя навагоднія атрыбуты.

Побач з навагоднімі размясціліся экспанаты, якія расказваюць аб зіме як цікавай пары года: значкі, карціны, дываны. Адным словам, ёсць на што падзівіцца.

Выстава будзе працаваць да 21 студзеня.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *