У Пухавіцкім раёне адбыўся рэйд па малочнатаварных фермах сельгаспрадпрыемстваў

Парушэнне працоўнай дысцыпліны, як правіла, прыводзіць да няшчасных выпадкаў. Дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу ахове працы на працоўных месцах. Галоўнае — захоўваць дысцыпліну і добрасумленна выконваць усе тэхналагічныя нормы. Няўважлівасць, абыякавасць пры выкананні сваіх абавязкаў можа прыводзіць да здарэнняў.

Прыборны кантроль праходзіць работнік МТФ «Харавічы».

Адной з галоўных умоў паспяховай працы з’яўляецца недапушчэнне п’янства на працоўных месцах. На жаль, нядобрасумленныя працаўнікі часам парушаюць правілы бяспекі. Рэйды з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады, праваахоўных органаў дазваляюць кантраляваць сітуацыю і выяўляць такіх парушальнікаў.

Нядаўна адбыўся рэйд па малочнатаварных фермах сельгаспрадпрыемстваў. Час быў абраны вячэрні, калі на фермах ішла дойка. Удзельнікі рэйду, галоўны спецыяліст аддзела працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насель-ніцтва райвыканкама Марына Ільіна, старшы ўчастковы інспектар міліцыі Аляксандр Сіраш і оперупаўнаважаны АБЭП Максім Багдановіч, наведалі дзве гаспадаркі.

На ферме МТФ «Вясёлае» ААТ «Энергія Агра» яны сустрэлі аператараў машыннага даення, загадчыцу фермы, лабаранта, жывёлаводаў, вартаўніка. Агляд прайшло восем чалавек, і парушэнняў працоўнай дысцыпліны не было выяўлена. Уначы на ферме дзяжурыць вартаўнік, а ў шасць гадзін тут ужо пачынаецца ранішняя дойка.

На ферме ўсюды быў парадак. Як адзначыў дырэктар сельгасарганізацыі Вадзім Сокал, на гэтай МТФ вялікае пагалоўе жывёлы, з якім працуе вопытны кваліфікаваны калектыў. Кіраўніцтва гаспадаркі клапоціцца аб умовах працы, людзі атрымліваюць добрую зарплату.

Члены рэйдавай групы праверылі таксама на працоўных месцах аператараў машыннага даення МТФ «Станкі». Загадчыца фермы Валянціна Дзядзенка адзначыла, што, працуючы ў гэтым калектыве амаль год, ні разу не сутыкнулася з сітуацыяй, каб хтосьці п’яны прыйшоў на працу.

У вячэрні час кіпела праца і на МТФ «Харавічы» СУП «Дукора-Агра» — самым вялікім жывёлагадоўчым комплексе ў раёне, калектыў якога ўзначальвае Ганна Ляхавец. Ад добрасумленнага стаўлення да сваіх абавязкаў кожнага работніка залежыць і колькасць, і якасць, і кошт атрыманага малака, і, адпаведна, заробак. Падчас рэйду прыборны кантроль прайшло 14 працаўнікоў, для якіх гэта працэдура звыклая: яны прахо-дзяць яе двойчы на дзень, раніцай і ўвечары.

— Людзі ў нас усе адказныя, — ад-значыла Ганна Іванаўна, — ды і з алкаголем вельмі строга. Калі заўважаем такую сітуацыю, адразу звальняем.

На машынным двары СУП «Дукора- Агра» ў вячэрні час было нешматлюдна. На прахадной дзяжурыла Валянціна Ярашэвіч. Яна адзначыла, што прыборны кантроль праходзяць усе спецыялісты сельгасарганізацыі, трактарысты-машыністы, слесары.

— Я працую сёмы год, — кажа Валянціна Панцялееўна. — Вельмі рэдка бывае, каб алкатэст паказаў праміле алкаголю ў крыві ў нашых работнікаў. Усе шануюць сваё працоўнае месца.

На зернякомплексе СУП «Дукора-Агра» цяпер гарачая пара, таму тут пазменна дзяжураць спецыялісты. У той вечар дзяжурства несла аграном-насеннявод Надзея Аўчыннікава, якая за 23 гады працы ў гаспадарцы не змагла ўспомніць ніводнага выпадку п’янства работнікаў.

Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Пухавіцкага райвыканкама Марына Ільіна, рэйды, у тым ліку ў вячэрні час або ў выхадныя дні, праводзяцца пастаянна. Сёлета было арганізавана ўжо 7 такіх выездаў, наведана 29 арганізацый, прыборны кантроль прайшло 173 чалавекі.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *