У раёне завяршаецца сяўба азімага рапсу

Уладзімір Сарнацкі.

На адным полі працуюць збожжаўборачныя камбайны, на суседнім — пасяўныя агрэгаты. Такую карціну масава можна было назіраць у гаспадарках раёна з сярэдзіны жніўня. Земляробам прыйшлося няпроста, аднак з пастаўленымі задачамі яны справіліся. Сяўба азімага рапсу ў раёне набліжаецца да фінішу.

Па інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, сельгаспрадпрыемствам трэба пасеяць 4800 гектараў азімага рапсу.  З гэтым планам яны справіліся на 93 працэнты. Цалкам гэтую алейную культуру пасеялі ў ААТ “Голацк”, “Аграсімвал”, “Ражджэственскае-Агра”, “Шацк”, СУП “Дукора-Агра”, ПСУ “Рудзенскае”, сельгасфіліяле “Светлая ніва”.

У ЭБ “Зазер’е” таксама працуе пасяўны агрэгат. Рапс неабходна пасеяць на 350 гектарах. Гэта на 30 гектараў больш, чым у мінулым годзе.

— Ужо засеяна больш за семдзесят працэнтаў ад плошчы, — расказвае галоўны аграном ЭБ “Зазер’е” Васіль Крывалевіч. — Сеем  і гібрыды, і сваё насенне. У нас не самыя высокія тэмпы сяўбы з-за недахопу кадраў. Усе чатыры механізатары, якія кіруюць энерганасычанымі трактарамі, былі задзейнічаны на ўборцы збожжавых культур. Час ад часу Уладзімір Сарнацкі, які, дарэчы, стаў тысячнікам жніва, выязджаў на поле з сеялкай. Падмяняў яго Валерый Каверчык, які камандзіраваны да нас з навукова-практычнага цэнтра Нацыянальный акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. Гэты ж механізатар дапамагаў нашаму Георгію Вітушку рыхтаваць глебу.

Яшчэ адзін тысячнік жніва — Сяргей Карэлы — з камбайна перасеў на трактар з плугамі. Ён заараў глебу пад азімы рапс і свірэпіцу. Праца працягваецца: вядзецца ворыва пад азімыя збожжавыя культуры.

Сяргей Карэлы.

Па словах галоўнага агранома, азімы рапс — рэнтабельная культура. Сёлета яе ўраджайнасць склала 22 цэнтнеры з гектара. Перазімаваў рапс добра, аднак засушлівы май не прайшоў бясследна. Былі ў гаспадарцы цяжкасці з удабрэннямі. Сёлета гэтую праблему прадугледзелі: калійныя і фосфарныя ўдабрэнні ўнёс Валерый Савіч.

На гэтым тыдні з сяўбой азімага рапсу зазер’еўскія земляробы плануюць справіцца.  Восенню  па зялёных усходах правядуць хімпраполку. Гэта важны складнік у атрыманні высокага ўраджаю, бо на гэтую культуру апошнім часам нападае шмат шкоднікаў.

Ужо ў верасні на палетках раёна пачнецца сяўба азімых збожжавых культур. Земляробы будуць закладваць аснову ўраджаю 2021 года.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *