У сельгасфіліяле «Светлая ніва» сяўба набірае абароты

Працягваюцца веснавыя  работы на палях. Гэтымі днямі найважнейшая задача —  сяўба ранніх яравых збожжавых культур.

У сельгасфіліяле «Светлая ніва» сяўба набірае абароты, хаця акрамя гэтай галоўнай работы ідзе ўнясенне арганічных і мінеральных удабрэнняў, закрыццё вільгаці, падрыхтоўка глебы, ворыва, падсеў траў. Працоўны дзень у тых, хто задзейнічаны ў гэтых работах, пачынаецца ў 7 гадзін раніцы і доўжыцца да сямі вечара, але калі ёсць неабходнасць, можа заканчвацца і пазней.

Яшчэ з восені ў гаспадарцы быў зроблены добры задзел: пасеяна 700 гектараў азімых збожжавых. Яны нядрэнна перазімавалі. Ужо праведзена  першая падкормка. Грунтоўна падрыхтаваліся і да вясенняй пасяўной.

Усяго ў сельгасфіліяле неабходна пасеяць яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры на плошчы 450 гектараў. Першым у канцы сакавіка ў глебу лёг авёс, якога пасеяна 40 гектараў. 50 гектараў адвялі пад пшаніцу, 110 — пад ячмень.

Для палявых работ падрыхтавана неабходная тэхніка: адрамантаваны тры энерганасычаныя трактары і сеялка «Бярэсце», якія своечасова прайшлі тэхагляд і атрымалі допуск да ўдзелу ў дарожным руху.

Нязменны сеяльшчык з году ў год — Аляксандр Савіч, брат і бацька якога таксама працуюць у сельгасфіліяле. На другім агрэгаце сее Іван Мамаеў. У дзень пры добрым надвор’і ўдваіх яны засяваюць да 70 гектараў плошчы.  Ужо пасеялі 390 гектараў яравых, што складае 87 працэнтаў ад запланаванай плошчы.

— Мінулы год для нас быў не самы ўраджайны, — расказвае  дырэктар СГФ «Светлая ніва» Вадзім Сокал.  — Мы атрымалі 30 цэнтнераў збожжа з гектара, валавы збор склаў 3 тысячы тон. Сёлета стараемся ўкласціся ў агратэхнічныя тэрміны, выканаць усе неабходныя тэхналагічныя аперацыі, каб мець з гектара не менш за 35 цэнтнераў збожжа. Пастараемся зрабіць усё,  каб атрымаць запланаваны ўраджай.

Насеннем мы забяспечаны пад поўную патрэбу. Закупілі эліту пшаніцы, ячменю і аўса ў агра-фірме «Лучнікі» (Слуцкі раён). Таксама маем у запасе насенне траў  і бабовых культур. Сёлета мы павялічваем плошчу пад кукурузу да 500 гектараў, каб забяспечыць галіну жывёлагадоўлі грубымі кармамі. Плануем нарыхтаваць 300 тон плюшчанага збожжа ў спецыяльны рукаў.

Калі ўсталюецца цёплая сярэднесутачная тэмпература без начных замаразкаў, у філіяле пачнецца хімпраполка азімых збожжавых, а потым яравых. Плануюць апрацаваць вялікую плошчу — 2000 гектараў. Цяпер афармляюцца дакументы на набыццё апырсквальніка «Мікасан», які будзе ўдзельнічаць у гэтых работах.

Анастасія   ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *