У  сельскагаспадарчых арганізацыях  пачалі  ўборку  траў першым  укосам

Самы вялікі план па ўборцы траў — у ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс»: 2868 гектараў. Больш за 1000 гектараў запланавалі ўбраць у ААТ «Новы Бор», «Індустрыя-СГ», «Зазерка», СУП «Дукора-Агра», «Агра-Абярэг». Касавіца ўжо стартавала ў СУП «Дукора-Агра», ПСУ «Рудзенскае», ЭБ «Зазер’е», ААТ «Агра-Абярэг», «Зазерка», «Голацк», «Новы Бор», «Індустрыя-СГ».

Амаль на тыдзень раней,  чым у мінулым годзе, у гэтым сезоне пачалася нарыхтоўка кармоў у ПСУ «Рудзенскае». У гэтай  сельгасарганізацыі неабходна нарыхтаваць 9 тысяч 600 тон сенажу.

Па словах галоўнага агранома Ягора Вашкевіча, каб атрымаць добры ўкос, перазалужылі шматгадовую траву. Увесну, як толькі дазволіла глеба, яе  пасеялі  на 463 гектарах. Падсеялі шматкампанентныя травасумесі, люцэрну і канюшыну. Акрамя таго, пасеялі 200 гектараў аднагадовых і 100 гектараў збожжасумесі з аўса, пелюшкі і проса. Убіраць іх  плануюць у ліпені.

Механізатар ПСУ «Рудзенскае» Павел Крывашэеў.

Вясна сёлета спрыяла паспяванню травы:  у глебе было дастаткова вільгаці. Толькі крыху прыпынілі рост раслін халодныя ночы.

Першымі шматгадовыя травасумесі пачалі касіць на 80-гектарным полі каля вёскі Рыбцы. На касьбе працуе Павел Крывашэеў. За дзень ён выконвае гэтую работу на плошчы ад 30 да 50 гектараў. Скошаная трава правяльваецца да 50-55 працэнтаў. Падбірае  правяленую масу кормаўборачны  камбайн.

Першую траншэю на 1,5 тысячы тон  закладваюць на МТФ «Крыніца». Траншэю пачысцілі і пабялілі, як таго патрабуе тэхналогія, заладзілі швы, каб не прапускалі паветра. Кругласутачна трамбуюць.

З першых гектараў атрымліваюць 80-90 цэнтнераў зялёнай масы. У параўнанні з мінулым годам гэта вельмі добры вынік.

— Каб травы хутчэй адрасталі для другога ўкосу, вышыню зрэзу мы пакідаем 3-4 сантыметры, — адзначае галоўны аграном Ягор Вашкевіч. — Успамінаючы мінулы год, калі было засушлівае надвор’е, мы касілі поймавыя ўчасткі, каб нарыхтаваць кармы. У звычайны год тэхніка працуе ў такіх месцах з вялікай цяжкасцю. Якім акажацца гэты год, складана прадбачыць.

За плячыма ў Паўла Крывашэева чатыры пасяўныя сезоны, а касавіца — другая.

— Глядзець за працай касы значна складаней, — дзеліцца механізатар. — У пасяўной я ўжо ведаю ўсе нюансы, разу-мею, дзе і што можа выйсці са строю, а тут даводзіцца вучыцца. Гэтай вясной я ўжо пасеяў 400 гектараў яравых збожжавых і 200 гектараў аднагадовай травы. Пасля гэтага падрыхтаваў тэхніку да касьбы травы, і цяпер з раніцы і да цямна ў полі.

Як адзначаюць аграрыі,  трава сёлета  добрая. Кузавы машын напаўняюцца зялёнай масай вельмі хутка. На адвозцы задзейнічана 6 адзінак тэхнікі, каб корманарыхтоўчы працэс ішоў без перапынкаў.

Першым укосам у гаспадарцы плануюць закласці чатыры сянажныя траншэі.

Анастасія ПЛЯТНЁВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *