У СШ №2 горада Мар’іна Горка рэалізавалі па-сапраўднаму эксклюзіўны праект «Горад майго дзяцінства»

У сярэдняй школе №2 горада Маріна Горка рэалізавалі пасапраўднаму эксклюзіўны праект. «Горад майго дзяцінства» — так называлася  выстава, якую  падрыхтавала настаўніца гісторыі  Ларыса Алейнік.

Ідэя паказаць праз фотаздымкі,  якім быў наш горад і якім стаў, у Ларысы Валянцінаўны ўзнікла  даўно. Ужо некалькі гадоў яна з дапамогай сваіх вучняў збірае  віды Мар’інай Горкі ў розныя перыяды часу,   а таксама  вывучае  гісторыю  вуліц,   разнастайных будынкаў.  Напрыклад, Ларыса Валянцінаўна расказала, што плошча, якую мы называем проста прывакзальнай, некалі мела свае найменне — Плошча  Кастрычніка. І ў пасляваенныя гады на ёй узвышаўся помнік Сталіну. Якім ён быў, сёння можна  пабачыць на фотаздымку, што захаваўся ў хатнім архіве жыхаркі горада Ірыны Прановіч. Цяпер копія гэтага ўнікальнага  фотаздымка ёсць і ў школьных архівах. Зусім нядаўна Ларысе Валянцінаўне ўдалося знайсці фотаздымак будынка школы,  які  ў 1943 годзе зрабіў  нехта з нямецкіх салдат. У сямейным архіве выпускніцы школы Вікі Лаўруковіч захавалася калектыўнае фота будаўнікоў Шухаўскай вежы, якая ўзвышалася недалёка ад чыгуначнага вакзала. А побач іншае фотасведчанне: вежу руйнуюць.

Першы будынак раённага камбіната бытавога абслугоўвання, будаўніцтва Дома культуры і сквер перад ім… Цікавыя фотаздымкі ваенных  парадаў, што праходзілі ў Мар’інай Горцы ў розныя гады. А яшчэ краявіды горада ў розныя поры года.

У кожнага з нас быў свой горад дзяцінства. Ён зберагаецца ў памяці і на старых фотаздымках.  Яны раскіданы па дамашніх архівах. Цудоўна было б  сабраць іх і выдаць альбом. Ларыса Алейнік са сваімі вучнямі першыя крокі да гэтага ўжо зрабіла.

Наталля   БАБУК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *