Усе старонкі прафесійнай біяграфіі звязаны з ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”

Усе старонкі прафесійнай біяграфіі Ларысы Аленінай з Марінай Горкі звязаны з ААТПухавіцкі райаграсэрвіс”. УСельгастэхніку” (так калісьці называлася арганізацыя) Ларыса Георгіеўна ўладкавалася яшчэ ў дзевятнаццаць гадоўНа працягу паўстагоддзя жанчына нязменна працуе на сельгаспрадпрыемстве.

Сюды Ларыса Георгіеўна прыйшла пасля заканчэння  аграхімічнага аддзялення Мар’інагорскага саўгаса-тэхнікума. Яе прозвішча значыцца ў спісе першага выпуску аграномаў-аграхімікаў.

— Узніклі  складанасці з размеркаваннем, таму я прыйшла ў “Сельгастэхніку”. Тут вяла картатэку і разлічвала, што гэта будзе часовае месца працы, а ўсё вось як атрымалася,  —  з усмешкай расказвае Ларыса Аленіна.

У арганізацыі жанчына прайшла некалькі прыступак кар’ернай лесвіцы. Калі атрымала вышэйшую адукацыю, стала эканамістам па цэнах, пазней — старшым эканамістам.  На цяперашняй пасадзе намесніка дырэктара па эканоміцы  Ларыса Аленіна працуе з 1984 года. З  2004 года таксама займаецца ідэалагічнай работай.

Разам з гісторыяй працоўнай дзейнасці жанчыны можна  прасачыць гісторыю прадпрыемства.  Ларыса Аленіна памятае той час, калі “Райаграсэрвіс” уваходзіў у аб-слугоўваючую галіну сельскай гаспадаркі.  Паслугі, якія аказвала арганізацыя, былі запатрабаваныя. “Пухавіцкі райаграсэрвіс” быў адзін з лепшых у вобласці.

За пяцьдзясят гадоў Ларысе Георгіеўне неаднаразова  прапаноўвалі змяніць месца працы, аднак яна заўсёды адмаўлялася.

— У жыцці мне пашанцавала і з работай, і з людзьмі.  У калектыве склаліся даверлівыя адносіны, мяняць гэта не хацелася, — працягвае субяседніца. — Я паважаю ўсіх людзей, з якімі працую. Шчыра прызнаюся, цяпер  мая работа — гэта маё здароўе. Тут хатнія праблемы, якіх нямала, адыходзяць на другі план.

Пяцідзесяцігадовы юбілей працы ў ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” амаль супаў з днём нараджэння Ларысы Аленінай. У яе  адрас прагучала шмат шчырых і добрых слоў ад кіраўніцтва гаспадаркі і ўсяго калектыву. Павіншаваць Ларысу Георгіеўну прыехалі таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Касмольская і  старшыня райкама прафсаюза работнікаў  АПК Людміла Ленкавец.

У дзень свайго свята Ларыса Георгіеўна шмат гаварыла пра калег.

— Мне з усімі лёгка працаваць. Радуе, што да нас прыходзіць моладзь. Дзяўчатам, якія працуюць вядучымі эканамістамі, я перадаю ўсе свае веды. А яны вучаць мяне. Моладзь цяпер адукаваная і прагрэсіўная: з іх дапамогай асвоіла камп’ютарныя праграмы і працягваю ў іх вучыцца,   — расказвае Ларыса Аленіна.

У біяграфіі Ларысы Георгіеўны ёсць і іншыя цікавыя старонкі. Падпольшчыца Люба Гайдучонак  —  родная цётка жанчыны. Яе Ларыса Аленіна ніколі не бачыла, але добра ведае па расказах маці.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *