Выйшаў зборнік нарысаў і гутарак — “Людзі Янаўскага краю”

Да Дня беларускага пісьменства, які сёлета пройдзе 2 верасня на Брэстчыне ў горадзе Іванава, Выдавецкі домЗвяздавыпусціў адмысловы зборнік нарысаў і гутарак — “Людзі Янаўскага краю”.

Рэдактар раённай газеты “Янаўскі край” Ігар Гетман расказвае  пра  сваіх  землякоў,  пра  ўраджэнцаў  Іванаўшчыны, ураджэнцаў і працаўнікоў Іванава — старажытнага Янава. З многіх матэрыялаў, якія ў большасці сваёй раней друкаваліся ў мясцовай раённай газеце, паўстае праз аповяд пра людзей партрэт рэгіёна, багатага на добрыя здзяйсненні.

З уступным словам да кнігі выступае старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун  —  чалавек, які мноствам спраў заслужыў павагу жыхароў рэгіёна, які працуе кіраўніком раёна больш за дзесяць гадоў. Вось што, у прыватнасці, зазначае Юрый Бісун: “Маёй малой радзімай з’яўляецца ўкраінскае Закарпацце, а калі быць больш дакладным — горад Хуст. Але вось ужо 12 гадоў як я кірую Іванаўскім раёнам. За гэты час я зросся з ім сваёй душой, ён стаў мне не меней родным, чым  тыя  краі,  дзе  я  нарадзіўся”. І яшчэ з прадмовы да кнігі: “Героі кнігі — людзі, якія маюць прамое дачыненне да захавання нашага краю як рэгіёна культуры і духоўнасці. А ўсе мы проста абавязаны такім  захоўваць  край, дзе нарадзіўся і пахаваны Напалеон Орда, дзе жылі продкі Дастаеўскага, дзе пачыналася беларускае прадпрымальніцтва, непарыўна звязанае з мецэнацтвам, якое развівалі Скірмунты…”.

Гартаючы старонкі выдання, мы сустракаемся з міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком (нарадзіўся ў вёсцы Глінна), доктарам навук, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, славутым аграрнікам Беларусі Аляксеем Скакуном (выхадзец з іванаўскага Дастоева), протаіерэем Уладзімірам Кавалевічам, доктарам гістарычных навук Пятром Брыгадзіным (ён родам  з  Моладава), пісьменнікам і журналістам Васілём Жушма (нарадзіўся ў вёсцы Хамічава), журналістам, празаікам Анатолем Крэйдзічам, кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў, настаўнікамі, работнікамі іншых сфер. Канешне ж, кніга стане ўсім ім добрым падарункам да Дня беларускага пісьменства, але яшчэ і праз іх выразныя, вартыя прыкладаў лёсы раскажа ў Год малой радзімы пра ўнікальны і багаты на гісторыю Іванаўскі, Янаўскі край.

Алесь  Карлюкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *