Яўгенія Баланчук: “Я — чалавек з закулісся, але мае вучні — не!”

Яўгенія Баланчук — педагог дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Світанак”, педагог па вакале, якая дапамагае дзецям не толькі правільна браць ноты, але і рабіць гэта лепш за ўсіх.

Яўгенія Баланчук

У Мар’іну Горку Яўгенія прыехала з Гомельскай вобласці ўслед за мужам-вайскоўцам. Чатыры гады таму ўладкавалася на працу ў цэнтр «Світанак» і стала кіраўніком творчага аб’яднання «Новыя галасы», якое сёння наведвае больш за 20 чалавек.

— Гэта дзеці ва ўзросце пасля шасці гадоў, — расказвае Яўгенія. — Яны прыходзяць да мяне для таго, каб навучыцца спяваць. А разам з тым, стаць больш камунікабельнымі, упэўненымі ў сабе. Менавіта дзеля гэтага я стараюся матываваць сваіх вучняў да ўдзелу ў самых розных песенных конкурсах, бо выйсці за межы нашай сцэны — гэта значыць набыць бясцэнны вопыт выступленняў, атрымаць магчымасць параўнаць свой узровень з узроўнем іншых выканаўцаў, стаць яшчэ больш матываваным. У свой час я не мела магчымасцей ездзіць на песенныя конкурсы, а цяпер такія магчымасці ёсць практычна ў кожнага. І імі трэба карыстацца.

Вучаніца Яўгеніі — Аляксандра Сянькевіч — нядаўна гэта і зрабіла, прыняўшы ўдзел у прэстыжным конкурсе-фестывалі «Галактыка». І стала лаўрэатам 1-й ступені і ўладальніцай Гран-пры. Пры такой канкурэнцыі, якая бывае менавіта на гэтым конкурсе, перамога дзяўчынкі дарагога каштуе.

Аляксандра Сянькевіч

— Я заўсёды ганаруся перамогамі сваіх вучняў, — пры-знаецца Яўгенія. — Няхай гэта будзе нават проста чыста выкананая музычная фраза. Не гаворачы ўжо аб перамогах у конкурсах. Праца з дзецьмі дастаўляе шчырую радасць. Я сама на сцэну выходжу вельмі рэдка, але з задавальненнем застаюся ў закуліссі, каб перажываць і радавацца за вучняў. Іх поспехі для мяне — самае важнае.

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *