“Жывіца” адзначыла свой юбілей вялікім канцэртам

Народны сямейны ансамбльЖывіцаБорскага сельскага Дома культуры адзначыў свой 25-гадовы юбілей вялікім канцэртам, які адбыўся ў раённым цэнтры культуры. Павіншаваць калектыў, які сёння вядомы далёка  за  межамі   не  толькі  раёна, але і  рэспублікі, прыйшлі  калегі  і прыхільнікі іх творчасці.

— У Мінскай вобласці больш  за  5  тысяч   разнастайных аматарскіх  калектываў, — падкрэсліла намеснік дырэктара Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Наталля Даўнаровіч, якая разам з калегамі прыехала павіншаваць “Жывіцу” з юбілеем.  — І на ўзроўні вобласці немагчыма ведаць кожны з іх.  Запамінаюцца тыя, хто не  спыняецца ў сваім творчым развіцці, пастаянна ўзыходзіць на новыя творчыя  прыступкі.

У  2016  годзе ансамбль “Жывіца” атрымаў званне “народны”. І за апошнія  чатыры  гады  калектыў літаральна ўварваўся ў культурнае жыццё вобласці. Ён запатрабаваны на розных канцэртных пляцоўках. Многія з тых, хто ўважліва сочыць за лёсам  ансамбля,  пачалі ўспрымаць яго перамогі ў конкурсах як асабістыя,  — падкрэсліла Наталля Уладзіміраўна.

За апошні час калектыў сапраўды значна змяніўся. Да сямейнай вакальнай групы далучылася і вялікая інструментальная, што дазваляе складаць разнастайныя ў жанравым плане канцэртныя  праграмы. І  нават  кіраўніцтва  ансамблем перайшло да прадстаўніка   маладога   пакалення творчай сям’і: зараз калектыў  узначальвае  Юрый  Крывашэй.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта  “Жывіцу” з юбілеем павіншавала  начальнік аддзела ідэалагічнай  работы,  культуры  і   па справах моладзі райвыканкама Алена Адамейка. У якасці падарунка яна ўручыла артыстам сертыфікат на набыццё баяна.

Словы віншавання прагучалі і ад Яўгена Сушко, які шмат гадоў узначальваў аддзел культуры райвыканкама. Яўген Аляксандравіч  быў сведкам таго, як стварыўся калектыў, як ён рабіў свае першыя крокі, як пакараў свае першыя творчыя вяршыні.

Члены  калектыву  з   удзячнасцю прымалі ўсе цёплыя словы віншаванняў, што гучалі ў іх адрас. Для прыхільнікаў сваёй творчасці яны падрыхтавалі канцэртную праграму, якая складалася з інструментальных твораў і народных песень.

Жыццё, у тым  ліку  і  творчае,  —  гэта  рух.  Для  “Жывіцы” нават юбілейны канцэрт не стаў прычынай для таго, каб спыніцца   хаця б на момант: на  наступны дзень іх чакалі  ў  Маладзечне  на   чарговым   мерапрыемстве. Бо іх жыццё  — гэта творчасць.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *