Прайшоў трэці этап Кубка РБ па спартыўным скалалазанні.

 

Пераможцы спаборніцтваў разам з трэнерам Вольгай Рак.

Пераможцы спаборніцтваў разам з трэнерам Вольгай Рак.

Пухавіччына паступова становіцца адной з пляцовак для правядзення рэспубліканскіх спаборніцтваў па спартыўным скалалазанні. У  кастрычніку лепшыя спартсмены краіны сабраліся ў Мар’інай Горцы на скаладроме цэнтра турызму дзяцей і моладзі. Тут прайшоў традыцыйны фестываль “Міні-фэст-2017”, які з гэтага года атрымаў статус трэцяга этапу Кубка Рэспублікі Беларусь па спартыўным скалалазанні ў дысцыпліне  боулдэрынг.

— Раней на нашым  скаладроме праводзіліся толькі спаборніцтвы раённага і абласнога ўзроўняў.  “Міні-фэст” аб’ядноўваў вядучых спартсменаў з розных куткоў Беларусі, таму яго новы высокі статус — заканамернасць, — адзначае трэнер Вольга Рак. — Наш скаладром адпавядае ўсім патрабаванням для правядзення  топавых турніраў у дысцыпліне боулдэрынг.

Трэці этап Кубка Рэспублікі Беларусь сабраў у Мар’інай Горцы больш за сто спартсменаў. Сярод іх —  і  вопытныя скалалазы, якія ўваходзяць у дзясятку лепшых спартсменаў краіны. Яны прадстаўлялі  Гомель, Бабруйск, Мінск, Віцебск, Полацк і  Мар’іну Горку.

У складзе нашай каманды было чатырнаццаць чалавек ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў.  Значнай увагі на ўзрост звяртаць не трэба, бо ў скалалазанні дзеці часта выступаюць на адным узроўні з дарослымі. Высокі ўзровень падрыхтоўкі пухаўчан ацанілі лепшыя спартсмены краіны.  Па словах трэнера, дзеці могуць  выступаць на ўзроўні другога дарослага разраду.

Мікіта Сасноўскі.

Мікіта Сасноўскі.

Кандыдаты ў майстры спорту, майстры спорту і іншыя спартсмены, поспехі якіх яшчэ наперадзе,  спаборнічалі паміж сабой. У кваліфікацыі ім неабходна было пераадолець 25 трас рознага ўзроўню складанасці. Пастаноўкай трас  займаўся майстар спорту Андрэй  Нікіфаравец.

У фінал па выніках кваліфікацыі  выйшлі шэсць мужчын і жанчын. Фіналістаў аддзялялі  некалькі сотых балаў. У мужчын п’едэстал атрымаўся без пухаўчан. Першым стаў Мікіта Лагуноў з Гомеля, другім  — Максім Нікіфаравец з Мінска, трэцім  — Артур Драбінка з Бабруйска. Лепшым  у нашай  мужчын-скай камандзе стаў  пятнаццацігадовы Аляксей Буры (ён на  восьмым месцы ў  агульным заліку). Гэта добры вынік, бо Аляксей спаборнічаў  з кандыдатамі ў майстры спорту.

Пяты год запар пераможцай  сярод жанчын стала пухаўчанка Марыя Вернікоўская. Яна адзіная  ў фінале прайшла ўсе чатыры трасы. На кожную адводзілася ўсяго  па чатыры хвіліны.  Разам з нашай чэмпіёнкай на п’едэстал падняліся прадстаўніцы Мінска Кацярына Пагуда і Дар’я Ціткіна. Яшчэ адна пухаўчанка, 11-гадовая Кацярына  Ганчарэвіч, трапіла ў дзясятку лепшых.

Спонсарскую дапамогу ў правядзенні спаборніцтва традыцыйна аказала ААТ “Машхарчпрад”.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *