Сёння — Дзень настаўніка

img_7634Якая можа быць у настаўніцкай сям’і традыцыя? Канечне ж, самая любая. Усе залежыць ад самой сям’і, ад цікавасцей яе членаў. Аднак адна агульная традыцыя ва ўсіх настаўніцкіх сем’ях будзе абавязкова: і гэта традыцыя разам адзначаць сваё прафесійнае свята.

Гэтай звычцы ўжо колькі гадоў не здраджваюць дзеці Аляксандра і Таццяны Варывончык. Абавязкова ў першыя кастрычніцкія дні яны прыходзяць да бацькоў, каб павіншаваць іх са святам. І… самім павіншавацца, бо  Вольга і Тамара таксама, як і бацькі, выбралі для сябе нялёгкую настаўніцкую дарогу…

Аляксандр Анатольевіч — настаўнік хіміі і біялогіі  —  больш за 40 гадоў адпрацаваў у школе і мае толькі два запісы ў працоўнай кніжцы  (Лешніцкая і Талькаўскія школы). Таццяна Міхайлаўна — настаўніца беларускай мовы і літаратуры — вучыла не толькі дзяцей, але і  настаўнікаў, калі  са школы перайшла ў раённы аддзел адукацыі.

Як сказаў нехта з унукаў, у такой сям’і дзецям, напэўна, і выбару іншага не было, як ісці ў настаўнікі. Так і адбылося. Спачатку Вольга, вытрымаўшы сур’ёзны конкурс, паступіла ў педагагічны інстытут, а потым і малодшая Тамара вырашыла падтрымаць традыцыю.

Вывучыліся, прыехалі ў родны раён і па сённяшні дзень працуюць у школе. Прычым абедзьве — у Дрычынскай базавай. Вольга — педагогам-псіхолагам, а Тамара — настаўніцай замежнай мовы і намеснікам дырэктара школы. Гаворачы пра цяжкасці прафесіі педагога, Вольга і Тамара прызнаюцца, што ўжо не ўяўляюць свайго жыцця без гэтай працы. Безумоўна, нялёгкая яна, але ці магчыма рэчаіснасць без настаўніка?..

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *