Работнікі культуры прынялі ўдзел у спартакіядзе.
Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму 24 чэрвеня на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту, што знаходзіцца ў вёсцы Азярцо пад Мінскам, упершыню правяла спартакіяду. Удзел у ёй прымала і пухавіцкая каманда, у склад якой увайшлі работнікі культуры.
Актыў прафсаюза складаюць людзі творчыя, таму і да складання праграмы спартакіяды яны таксама падышлі творча. Калі ў іншых прафсаюзных арганізацыях прапануюць па-спаборнічаць у лёгкай атлетыцы, стральбе і іншых сур’ёзных відах спорту, то тут — у дартсе, перацягванні каната, павязванні слуцкага пояса… Адным словам, сапраўдныя сель-скія забавы з сапраўдным беларускім каларытам.
Як сказаў, адкрываючы спартакіяду, старшыня гарадской арганізацыі Сяргей Крысенка, галоўнай мэтай гэтага мерапрыемства было пазнаёміць прадстаўнікоў прафсаюзных арганізацый з розных раёнаў, па-класці пачатак сяброўству і адпачыць весела і з карысцю.
У праграме спартакіяды было 8 выпрабаванняў. Сцежка перашкод, напры-клад, выглядала так: трэба было пранесці вёдры з вадой на каромысле па бервяне, затым прабегчы пэўную адлегласць у мяшку, а на завяршэнне не заблытацца на вяровачнай дарожцы. На адной з пляцовак патрэбна было збіць венікам валёнак. Гэта, як аказалася, зрабіць зусім не проста. Як і біцца падушкамі на бервяне.
Акрамя ўсяго гэтага, арганізатары прапанавалі камандам паўдзельнічаць у турніры па петанку «Пробны шар». З гэтай гульнёй ніхто знаёмы не быў, і правілы асвойваліся на хаду. Петанк — гэта кіданне шароў. Прадстаўнікі дзвюх каманд на пляцоўцы памерам 15 на 4 метры па чарзе кідаюць металічныя шары. Мэта — як мага бліжэй па-класці свой шар побач з маленькім драўляным шарам — кашанетам. Гуляць у петанк удзельнікаў спартакіяды навучылі члены Мінскага грамадскага аб’яднання «Федэрацыя петанка».
Па ходзе спартакіяды пухавіцкая каманда стала яшчэ і героем сюжэта навін на Першым беларускім тэлеканале.
Добры настрой ні ўдзельнікам спаборніцтваў, ні групе падтрымкі не са-псаваў нават даволі моцны дождж, які ішоў амаль цэлы дзень. А вынік нашу каманду парадаваў: другое месца ў спартакіядзе і трэцяе — у турніры па петанку. Капітану Мілане Яцэвіч уручылі не толькі дыпломы, але і падарункі для каманды.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту таксама зрабіў удзельнікам свой падарунак — займальную экскурсію па экспазіцыі, якая расказвае аб традыцыях цэнтральнага рэгіёна Беларусі.
Наталля ПАРХОМЧЫК.