ААТ “Голацк” вызначылі ў ліку лепшых ў рэспубліцы

 

Дырэктар Дзмітрый Ленкавец.


Кожны
дзень раніцай дырэктар і галоўныя спецыялісты ААТГолацксустракаюцца на мехдвары. І цяпер, калі большасць палявых работ завершаны, працоўны дзень пачынаецца з планёркі. Менавіта дзякуючы арганізаванай працы, на думку кіраўніка гаспадаркі Дзмітрыя Ленкаўца, і давялося сёлета палепшыць вытворчыя паказчыкі.

Гэты год у гісторыі сельгаспрадпрыемства можа быць названы годам дасягненняў. ААТ “Голацк” вызначалі ў ліку лепшых гаспадарак не толькі на раённым, але і на рэспубліканскім узроўні. З’явіліся ў сельгасарганізацыі і новыя аб’екты.

Яўген Кубры і Аляксандр Расолька.

Лепшыя  на  жніве

Сёлетнія “Дажынкі” голацкія  хлебаробы  заслужана  сустракалі ў якасці пераможцаў.

Валавы намалот зерня ў гаспадарцы склаў 10 432 тоны (у мінулым годзе — 8370 тон).  Ураджайнасць  у  сельгаспрадпрыемстве самая вялікая ў раёне — 44 цэнтнеры з гектара (у 2018 годзе — 35,5).  Добра папрацавалі  на  ўборцы  кукурузы:  намалочана 1661 тона  кукурузы на зерне.

Экіпаж камбайна ў  складзе  Аляксандра  Расолькі і  Яўгена Кубры стаў пераможцам  раённага спаборніцтва. Іх канчатковы намалот  — 2232 тоны зерня (без уліку рапсу).  Гэтыя вопытныя  механізатары  былі адзінымі прадстаўнікамі Пухавіччыны на абласных  “Дажынках”  у Барысаве. Аляксандр Генадзьевіч і Яўген Вячаслававіч занялі  трэцяе  месца ў абласным спаборніцтве сярод  камбайнераў.

Галоўны інжынер Аляксандр Лешчанка.

Узорны  мехдвор

Мехдвор ААТ “Голацк” сёлета прызнаны адным з лепшых у рэспубліцы.  Сельгасарганізацыя заняла трэцяе месца па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў.

Для галоўнага інжынера  Аляксандра  Лешчанкі  гэта  самая высокая ўзнагарода яшчэ і таму, што гаспадарка  нашага раёна ўпершыню стала прызёрам такога конкурсу.

Машынна-трактарны парк у сельгасарганізацыі — адзін з самыя вялікіх у раёне. І ён  пастаянна  абнаўляецца. Сёлета самастойна набылі паўпрычэп ПМФ-20 і  новы малакавоз. У лізінг купілі пагрузчык “Амкадор”  і  апырсквальнік  “Мекасан”.

Аператар машыннага даення Аксана Ажаронак.

У  добрых  умовах

Мы не стаім на месцы. Усе атрыманыя грошы ідуць на развіццё гаспадаркі: купляем  тэхніку і будуем новыя жывёлагадоўчыя памяшканні, — расказвае дырэктар Дзмітрый Ленкавец. — У гэтым годзе за свае сродкі  пабудавалі  жывёлагадоўчае памяшканне на 150 галоў на МТФ “Хазянінкі”. Шмат увагі надаём і будаўніцтву жылля. На завяршальнай стадыі будаўніцтва трох домікаў і трох кватэр для нашых работнікаў.

Па паказчыках у жывёлагадоўлі  ААТ  “Голацк”   займае лідзіруючыя  пазіцыі  ў  раёне. Валавы  надой  малака  за 10 месяцаў бягучага года склаў 7340 тон (109 працэнтаў да 2018 года). Павялічыўся і надой на карову  —  4478  кілаграмаў (108 працэнтаў да  мінулага  года).  Значны  прыбытак прыносіць і вырошчванне бычкоў на мяса.

На будучы год  сельгасарганізацыя забяспечыла моцную кармавую базу. Нарыхтавана 24 598 тон сіласу. Вынік 2018 года пераўзышлі на 165 працэнтаў.

Ірына Валенда і Станіслаў Анішчанка.

Новая  сталовая

У камфортных умовах цяпер абедаюць работнікі гаспадаркі. У пачатку года пачала працаваць новая сталовая. Раней яна размяшчалася ў  прыстасаваным  памяшканні  каля  малочнатаварнай фермы. Акрамя залы для прыёма ежы, у сталовай ёсць і банкетная зала з сучасным музычным  абсталяваннем. Яна  запатрабавана  сярод  сваіх работнікаў.

Вясной і летам штодзень у  сталовай  гатавалі  па  пяцьдзясят пяць абедаў і сорак пяць вячэр.  Цяпер  гатуюць  толькі  абеды, у сярэднім  па 30.

Смачную ежу рыхтуюць загадчыца сталовай  Ірына  Валенда і повар Станіслаў Анішчанка. Станіслаў — малады спецыяліст, ён вярнуўся пасля заканчэння навучальнай установы ў родны аграгарадок. У  сталовай працуе са жніўня.

— Я тут быў на практыцы. Спадабалася, таму і вярнуўся. У такіх умовах працаваць прыемна, — расказвае Станіслаў. —  З дзяцінства хацеў стаць поварам.  І мара збылася.

Валянціна і Міхаіл Хазяніны.

Працавітыя   голацкія   людзі

ААТ “Голацк” — адна з нямногіх гаспадарак, дзе распрацаваны ўмовы спаборніцтва на кожным відзе палявых работ. Расцэнкі  даволі высокія, таму людзі ведаюць, за што працуюць. Пастаянныя лідары ў сельгасарганізацыі і ў раёне  механізатары Аляксандр Расолька, Алег Маркаў, Руслан Пуцят, Канстанцін Вайцяховіч і многія іншыя. Нельга не адзначыць і Сяргея Ходзіна, які раздае кармы на ферме. Незлічоную колькасць кіламетраў ад’ездзілі вадзіцелі   Мікалай  Карнацкі,  Яўген  Кубры, Уладзімір Дзятко і іншыя.

Сямейны падрад Валянціны і Міхаіла Хазянінаў з МТФ “Хазянінкі” ў гаспадарцы ведаюць усе.  Цяпер  яны  даглядаюць цялят да 6 месяцаў. Валянціна Міхайлаўна на ферме з 15 гадоў, прыйшла сюды па прыкладзе маці. Муж  таксама ўсё жыццё ў “Голацку”. Спачатку  працаваў на бензавозе, малакавозе, цяпер разам з жонкай у цялятніку.

Ёсць у гаспадарцы  і яшчэ адна сямейная дынастыя. Таццяна Садоўская на МТФ “Голацк” працуе з 1981 года. На сучаснай ферме ў Хазянінках ужо 5 гадоў  працуе дачка Таццяны Міхайлаўны Алена Лысенка. Калісьці Алена Валер’еўна працавала ў сталіцы ў будаўнічай сферы. Пасля вярнулася  ў Голацк,  уладкавалася  ў  сельгасарганізацыю і  атрымала жыллё.

Па прыкладзе маці на МТФ “Голацк” 23  гады  таму  прыйшла і аператар машыннага даення Аксана Ажаронак.

Аператар машыннага даення Людміла Грышчанка, тэхнік-асемянатар Дзіяна Яскевіч, ветурач Алег Крупко, жывёлаводы  Любоў Ляшковіч, Мікалай Прохарчык, Аляксандр Карызна і многія іншыя людзі сваёй добрасумленнай  працай пішуць яркія і паспяховыя старонкі  гісторыі ААТ “Голацк”.

Кацярына   ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *