Абмеркавалі пытанні абыходжання з адходамі

У Мар’інай Горцы на мінулым тыдні прайшоў семінар па пытаннях абыходжання з адходамі электрычнага і электроннага абсталявання (АЭЭА) і кампасціравання арганічных адходаў.  Мерапрыемства праводзілася ў рамках праекта «Развіццё паслуг у сферы кіравання адходамі для сельскага насельніцтва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

Гасцямі Пухавіччыны сталі прадстаўнікі прадпрыемстваў ЖКГ, інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мінскай вобласці.  

На семінары разгледзелі вопыт распрацоўкі і рэалізацыі стратэгіі інтэгрыраванага кіравання адходамі электрычнага і электроннага абсталявання ў раёне, а таксама вопыт інфармацыйнай работы з жыхарамі.

— За апошнія 2,5 гады (час работы ў рамках праекта) Пухавіцкаму раёну ўдалося істотна палепшыць матэрыяльную базу для збору электронных і электрычных адходаў, — падкрэсліў у сваім выступленні намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэй Крэмень.— Дзякуючы рэалізацыі праекта Еўрапейскага саюза стала магчымай закупка тэхнікі  (бульдозер для ліквідацыі стыхійных звалак і мікрааўтобус для збору тэхнікі ад насельніцтва), а таксама спецыяльнага абсталявання, кантэйнераў.  Шмат што змянілася за гэты час.  Лічбы кажуць самі за сябе: калі за мінулы год было сабрана 2,1 тоны адходаў электрычнага і электроннага абсталявання, то ў гэтым — ужо 25 тон.  Устаноўка кантэйнераў у арганізацыях і школах дазволіла сабраць 2 тоны адпрацаваных батарэек.  Але галоўнае — работа па фарміраванні новага стаўлення насельніцтва да беражлівага выкарыстання рэсурсаў.

Удзельнікі семінара абмеркавалі актуальныя пытанні па развіцці сістэмы збору АЭЭА ў рэспубліцы, вынікі іх збору ў мінулым і бягучым годзе.  У абмеркаванні прыняў удзел намеснік генеральнага дырэктара ГА «ЖКГ Мінскай вобласці» Андрэй Шульга.

Пасля пленарнага пасяджэння госці Пухавіччыны наведалі Мар’інагорскую гімназію, дзе ім прадставілі вынікі працы па кампасціраванні арганічных адходаў і фарміраванні “зялёнага даху” (на здымку), а таксама станцыю сартавання адходаў, на тэрыторыі якой нядаўна быў адкрыты склад для часовага захоўвання адходаў электрычнага і электроннага абсталявання.  Там жа ўдзельнікі семінара ўбачылі, як працуе набыты ў рамках  праекта прэс для пластыкавых бутэлек.

Арганізатарамі семінара выступілі ГА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці», Пухавіцкі райвыканкам, МГА «Экапартнёрства».

Алена  МАКСІМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *