Раённы конкурс прафесійнага майстэрства вызначыў лепшых
Раённы конкурс прафесійнага майстэрства аб’яднаў у сераду дваццаць шэсць тэхнікаў—асемянатараў з усіх гаспадарак Пухавіччыны. Ён прайшоў у Мар’інай Горцы на базе цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
Судзейская калегія ў складзе спецыялістаў райплемстанцыі і райветстанцыі ацэньвала тэарэтычныя веды канкурсантаў. Кожны тэхнік-асемянатар выконваў невялікае практычнае заданне. Таксама пэўную колькасць балаў суддзі налічвалі за выхад цялят на сто кароў, які быў атрыманы тэхнікам-асемянатарам па выніках мінулага года.
Для большасці ўдзельнікаў гэта быў не першы конкурс прафесійнага майстэрства, але хваляваліся ўсе. Пасля заканчэння выканання заданняў калегі з розных гаспадарак дзяліліся эмоцыямі і гаварылі пра праблемы.
— Усе заданні тычыліся нашай працы. Асабіста мне было цікава праверыць свае веды, — гаворыць Ірына Сімаковіч з ААТ “Племянны завод “Індустрыя”. — У прафесіі я ўжо сем гадоў.
Дыпломы атрымалі ўсе ўдзельнікі конкурсу. Пасля тройку лепшых аб’явіла начальнік РУСП “Мінскае племпрадпрыемства” філіял “Пухавіцкая райплемстанцыя” Таццяна Рамановіч. Трэцяе месца заняла Ганна Шаўцова з ЭБ “Зазер’е”, другое — Вольга Фіневіч з ААТ “Аграсімвал”. Пераможцам раённага конкурсу не першы год стала Таццяна Моўчан з ПСУ “Ру-дзенскае”. Лідары атрымалі падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Таццяна Моўчан працуе тэхнікам-асемянатарам ўжо 35 гадоў. Яна, жыхарка сталіцы, у свой час вырашыла звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. Скончыла тэхнікум у Смілавічах, прыехала ў Рудзенск. Спачатку працавала загадчыцай фермы. Пасля стала тэхнікам-асемянатарам і ўжо шмат гадоў адказвае за ўзнаўленне статку на МТФ “Крыніца”.
Вольга Фіневіч у ААТ “Аграсімвал” працуе асемянатарам 19 гадоў. Цяпер абслугоўвае каля 850 галоў.
— У “Зазер’і” я працую больш адзінаццаці гадоў, — далучаецца да размовы Ганна Шаўцова. — Работа ў нас цяжкая. Мужчынам было б лягчэй, але яны ўсё радзей выбіраюць такую прафесію.
Памятныя падарункі атрымалі таксама самыя маладыя тэхнікі-асемянатары Таццяна Макавец з сельгасфіліяла “Дрычын” і Таццяна Папко з ПСУ “Рудзенскае”. Таццяну Дзівіцкую з ААТ “Агра-Абярэг” адзначылі як адну з самых вопытных канкурсантак.
Яшчэ адным бонусам стане хадайніцтва райплемстанцыі перад упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама аб павышэнні класнасці спецыялістам-удзельнікам конкурсу: экзамен яны вытрымалі.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.