Свята запрашае!

У пачатку восені ўжо дваццаць пяць гадоў запар  праходзіць Дзень беларускага пісьменства — свята роднай мовы і літаратуры. Месцам яго правядзення стано-віцца горад, які на працягу сваёй гісторыі з’яўляўся цэнтрам культуры, асветы і кнігадрукавання. У гэтым годзе сталіцай свята  выбраны Іванава  Брэсцкай вобласці, дзе 2 верасня збяруцца  прыхільнікі  беларускага слова з нашай краіны і замежжа.

Праграма свята ўключае ў сябе вялікую колькасць самых разнастайных мерапрыемстваў. Яе неад’емнай часткай з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга». У гэтым годзе  шлях экспедыцыі, які пачаўся ў Мінску ад Свята-Духава кафедральнага сабора,  пралягае і праз наш раён —  пасёлкі Дружны і Рудзенск.

Напярэдадні свята  традыцыйна праходзіць міжнародны “круглы стол” з удзелам замежных літаратараў. У гэтым годзе яго тэма “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”.

Таксама традыцыйным стала правядзенне ў межах Дня  пісьменства фінала Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме”.  У гэтым годзе ён праходзіць пад дэвізам “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну”. Удзел у конкурсе прынялі каля 15 тысяч дзяцей з усёй рэспублікі. Лепшыя чытальнікі прайшлі адбор на раённых і абласных этапах. Пераможцай Мінскага абласнога этапу ў сваёй узроставай групе стала вучаніца пятага класа сярэдняй школы №2 горада Мар’іна Горка Вікторыя Дзільман.

У чэрвені ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіў паўфінал конкурсу, дзе 30 пераможцаў абластных этапаў адстойвалі права выступіць у фінале, які адбу-дзецца ў рамках свята беларускага пісьменства ў яго сталіцы.  Вікторыя  будзе прадстаўляць на ім Мінскую вобласць.

Непасрэдна 2 верасня ў горадзе Іванава будзе адкрыты памятны знак, прысвечаны XXV юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. На галоўнай святочнай сцэне  адбудзецца тэатралізаванае дзейства “Малой радзіме пакланюся”,  пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія”.

На працягу дня на галоўнай сцэне  можна будзе пабачыць шмат разнастайных мерапрыемстваў, сярод якіх літаратурна-мастацкая кампазіцыя “Бачу Беларусь такой…”, рэспубліканская акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы — разам!”, святочны канцэрт “Льецца песня над Палессем”.

На вуліцах горада  разгарнецца гандаль.  Будуць працаваць Фестываль кнігі і прэсы, пляцоўкі майстроў народнай творчасці, мастакоў, выставачныя экспазіцыі музеяў і бібліятэк.

Наталля   ВАСІЛЬЕВА. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *