У гаспадарках раёна ідзе сяўба азімых збожжавых культур

Аляксандр Савіч.

Як толькі збожжаўборачныя камбайны пакінулі поле, пачалося ворыва пад азімую сяўбу. Галоўны клопат цяпер  —  своечасова і ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны пасеяць азімыя збожжавыя.

У сельгасфіліяле «Светлая ніва»  плануюць пасеяць 700 гектараў азімых збожжавых культур.  Ужо пасеялі 280 гектараў.

У гаспадарцы 20 працэнтаў плошчаў — тарфянікі. Нават калі няма дажджоў, працаваць  магутнай тэхніцы на тарфяніку складана, таму гэтыя глебы спачатку прыкатваюць   спецыяльнымі  каткамі.

Першай  у  гаспадарцы  пачалі сеяць азімую пшаніцу. Пры гэтым  неабходна  выконваць сева-зварот. Размесціцца яна на палях, дзе раней рос яе папярэднік — азімы рапс. Пад пшаніцу адвялі 300 гектараў. Акрамя таго, трэба пасеяць яшчэ 250 гектараў азімага трыцікале і 155 гектараў азімага жыта.

Раман Ружын.

На  ворыве  на трактары  МТЗ-3022  працуе  Раман    Ружын. На трактары МТЗ-3522 з дыскатарам АПД-7,5 працуе Ігар Шульжыцкі. Ён жа праводзіць і культывацыю.

— Сее  азімыя збожжавыя Аляксандр Савіч, — расказвае выконваючы абавязкі дырэктара СГФ «Светлая ніва» Дзмітрый Ганчароў. — Працуе Аляксандр на трактары МТЗ-3522 з сеялкай АПП-М6. У дзень сее азімыя на плошчы  да 35 гектараў.

У асноўным сеюць  элітнае   насенне.  130 гектараў  пшаніцы  ў гаспадарцы  засеюць   насеннем  гатунка  «канвеер».  Ён  ужо не  новы.  Сёлета  сабралі   яго  добры  ўраджай  —  41   цэнтнер   з  гектара. Таксама  сеюць гатунак    «аўгусцін»,  які  абяцае  аддзячыць  багатым  ураджаем  у наступным годзе.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *