У сельскагаспадарчых арганізацыях завяршаецца пастаноўка тэхнікі на працяглае захоўванне і пачынаюцца яе рамонты

Уся вызваленая ад палявых работ тэхніка адпраўляецца ў мехмайстэрні. Наперадзе гарачая пара для тых, хто будзе заняты яе рамонтам і падрыхтоўкай да новага сезона.   Як вядома, правільнае захоўванне тэхнікі забяспечвае працяглы тэрмін яе службы і эфектыўнае выкарыстанне. Згодна з загадам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама №109  да 1 снежня ўся тэхніка павінна быць пастаўлена на захоўванне.

— У першую чаргу на працяглае захоўванне былі пастаўлены збожжа-ўборачныя камбайны, — расказвае галоўны дзяржаўны інспектар сектара па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ягор Ганчарык. — Самыя вялікія камбайнавыя паркі ў ААТ «Агра-Абярэг», «Індустрыя-СГ», «Новы Бор». З гэтага года ўсе камбайны павінны абавязкова захоўвацца пад падстрэшкамі або ў  памяшканнях. Гэта дазволіць мінімізаваць уплыў атмасферных ападкаў, сонечнага святла, і тым самым павялічыць тэрмін службы камбайнаў.

Аляксандр Дзяшук.

У кожнай арганізацыі складаюцца акты пастаноўкі тэхнікі на захоўванне і дэфектавальныя ведамасці на кожную адзінку, згодна з якімі ў зімовы рамонтны перыяд будуць закупляцца запасныя часткі і весціся рамонт.

У ААТ «Голацк» ужо пачалі рамантаваць кормаўборачны камбайн КВК-800. Пачынаюцца рамонтныя работы ў майстэрнях сельгасфіліялаў «Чырвоны май», «Светлая ніва», ААТ «Агра-Абярэг».

Запасныя часткі для рамонтаў сельгасарганізацыі, як правіла, набываюць у ААТ  «Мінскаблаграсэрвіс». Для імпартнай тэхнікі   запчасткі плануюць загадзя, бо тэрмін пастаўкі зараз значна даўжэйшы.

У ААТ «Зазерка» таксама пачалі рамонт. Дапамагае рамантаваць тэхніку трактарыстам-машыністам токар Аляксандр Дзяшук. У гаспадарцы ён працуе больш за 20 гадоў. Аляксандр Аляксандравіч  — майстар на ўсе рукі. Нават для ўласных патрэб сабраў трактар.

— Дзякуючы яго старанню мы не ведаем асаблівых праблем з рамонтам тэхнікі, — расказаў галоўны інжынер ААТ «Зазерка» Андрэй Пінязік. —  Ён па-майстэрску рамантуе паліўныя помпы, разбіраецца з рамонтам збожжа-ўборачных камбайнаў. Дзякуючы інжынернаму складу розуму і багатаму вопыту, ён з лёгкасцю спраўляецца са складанымі запчасткамі. Станкі ў нас не новыя, але нават на іх токар умее вытачыць  складаныя дэталі.  Звяртаюцца да нашага токара за дапамогай і з ЭБ «Зазер’е», ААТ «Агра-Абярэг», «Голацк».

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *