Гаспадаркі Пухавіцкага раёна прыступілі да палявых работ

Вясна сёлета атрымалася ранняй. Да падсеву шматгадовых траў, унясення арганікі і падкормкі азімых культур у землябобаў дадаліся яшчэ два віды работ: закрыццё вільгаці і ворыва.  Глебаапрацоўчыя агрэгаты можна ўбачыць на палях усіх сельгаспрадпрыемставаў.

У ААТ “Аграсімвал”  палявыя работы актыўна вядуцца каля вёскі Гарэлец. Глебы там пясчаныя, на палях ужо суха. На закрыцці вільгаці  працуюць Анатоль Лабанок і Павел Валасевіч, на ворыве — Аляксандр Кікот.

— Сёлета  да гэтых відаў работ прыступілі на дзён дзесяць раней, чым летась. Верагодна, і сяўбу пачнем раней, калі надвор’е не ўмяшаецца ў нашы планы, — расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Марыя Цымановіч. — Тэхніку загадзя падрыхтавалі. Спадзяюся, тэхнічных замінак не будзе.

Пакуль працоўны дзень у механізатараў пачынацца ў восем гадзін раніцы і доўжыцца да сямі гадзін вечара.  Але гэты графік  часовы. У масавы сезон сяўбы ён павялічыцца.

Сеяць яравыя культуры ў гаспадарцы плануюць на наступным тыдні. Яравы клін у 850  гектараў будзе засяваць Павел Валасевіч. Маладому механізатару не прывыкаць аднаму спраўляцца з пасяўной плошчай. Аднак  пры неабходнасці да яго далучыцца Анатоль Лабанок.

Сяўба ў гаспадарцы  пачнецца з 50-ці гектараў аўса на гарэлецкіх землях. Таксама ў планах земляробаў пасеяць  100 гектараў зернебабовых культур, 350 гектараў  пшаніцы і столькі ж ячменю.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *